Аўтарызацыя | Рэгістрацыя

Залесьсе

2 лютага 2007, Катэгорыя - ТУРЫЗМ » Аб'екты


Колькі гадоў гуце ”Залессе”?


У сярэдзіне лютага прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сярод іншых важнейшых праблем звярнуў увагу на закрытыя шкляныя прадпрыемствы, у тым ліку і шклозавод ”Залессе” ў пасёлку Партызанскім. Між тым гэта адно з самых старэйшых прадпрыемстваў не толькі ў рэгіёне, а, бадай, і рэспублікі. Яшчэ ў каляндары памятных дат на 2004 год падкрэслівалася, што шклозаводу ”Залессе” спаўняецца 235 гадоў. Аснаваннем для такога заключэння гісторыкаў стала карта Рэчы Паспалітай, выдадзеная ў 1772 годзе, якая сведчыць, што Гута каля Іллі ў той час ужо існавала. Улічваючы, што ў той перыяд для выдання падобнай карты патрабавалася не менш трох-пяці гадоў, годам заснавання Іллянскай гуты і сталі лічаць 1769 г.



Аднак нядаўна мне ўдалося пазнаёміцца з картай ”ВКЛ з яго ваяводствамі і паветамі” выдадзенай у 1749 годзе ў Нюрнбергу (Германія) беларусам па паходжанню Янам Няпрэцкім. Сярод новых пасяленняў там пазначаны ўжо Ілля і Гута. Карыстаючыся вышэйпакладзенаму прынцыпу, можна канстантаваць, што ў 1746 годзе Іллянская гута ўжо дзейнічала. Такім чынам у гэтым годзе ёй спаўняецца, па крайней меры, 260 гадоў і яе заснавалі ў сваім маёнтку Ілля на беразе аднайменнай ракі браты графы Юзаф і Антоній Салагубы. Затым яна перайшла да сына апошняга Яна, маёра артылерыі, а з 1774 годзе – генерал-ад’ютанта караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пазней, у Расійскай арміі, – шэф Беларускага гусарскага палка. Яго ўнук Уладзімір Салагуб – вядомы рускі пісменнік XIX стагоддзя.



У 1792 годзе Ян Салагуб прадае маёнтак, у які ўваходзіла больш за дзесяць навакольных вёсак з гутай (гута - даўнейшая назва шклозавода) вялікаму падскарбію Вялікага княства Літоўскага Міхалу Клеафасу Агінскаму, пазней вядомаму дзяржаўнаму дзеячу і музыканту. За ўдзел апошня-га ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1794 года на баку Тадэвуша Касцюшкі ўсе яго маёнткі, у тым ліку і Ілья, былі канфіскаваны ў расійскую казну і раздадзены імператрыцай Кацярынай II сваім верным памочнікам.



Маёнтак Ілья з гутай перайшлі да новага графа-фельдмаршала Мікалая Салтыкова, аднаго з прадстаўнікоў знатнага расійскага роду Салтыковых, якія ў XVIII стагоддзі далі 3 генералаў-фельдмаршалаў, 2 генерадаў-аншэфаў, 7 сенатараў, 5 губернатараў і іншых вядомых дзяржаўных дзеячаў.



У той час на тэрыторыі Беларусі працавала ўсяго 11 шкляных мануфактур. Дзевяць з іх, у тым ліку і Ільянская гута, былі тыповымі прыгоннымі прадпрыемствамі. Яе прадукцыя (бутэлькі, штофы, графіны, шклянкі, аптэчны посуд і аконнае шкло) была разлічана ў першую чаргу на заможных людзей і прадавалася на мясцовым рынку. Але попыт на шкляныя вырабы пастаянна рос, і яны паступова пачьнаюць вывозіцца ў Вільню, Мінск і іншыя гарады.



Далучэнне беларускіх земляў да Расіі адкрыла больш шырокія магчымасці для эканамічнага развіцця мясцовых прадпрыемстваў. Так Ільянская гута была некалькі ўдасканалена і ў год выпрацоўвала вырабаў на 8045 рублёў. У 1800 годзе тут было выраблена 11 тысяч графінаў, круглых у дне, квартаў гладкіх і аздобленых шліфоўкай, больш за 3 тысячы кілішкаў, 1 тысяча бутэлек, 2 тысячы шклянак шліфаваных і графіраваных, больш за 1,5 тысячы іншага шклянога посуду, а таксама 3 скрыні ліставога шкла. Знойдзеныя рэшткі глінянага посуду прыводзяць да высновы, што там яшчэ абпальвалі і кераміку.



Побач з гутай вырасла і паселішча, якое так і называецца – Старая Гута.



У пачатку ХІХ стагоддзя гута ў арэндным утрыманні Віленскага яўрэя Герца Якубовіча.



Усе вытворчыя працэсы адбываліся ў драўляным будынку мануфактуры. Асноўныя віды сыравіны здабываліся на землях яе гаспадароў. Мясцовыя пяскі, крэйда і вапна, паташ і попел ішлі ў вытворчасць.



У 1804-1806 гадах гэтым маёнткам валодаў генёрал-маёр Здзяхоўскі, а пасля яны зноў вярнуліся да мясцовых уласнікаў. Іх купіў мінскі губернскі маршалак памешчык Іосіф Валадкевіч.



Прыйшоў час, калі навакольныя лясы былі спустошаныя, і гуту перанеслі ў 1815 годзе ў засценак Стрэжыслаў, багаты на лясы. На новым месцы пабудавалі тры печы. Неўзабаве тут працавала 26 прыгонных, якіх называлі фабрыкантамі. Акрамя рознага посуду, выпускалі ў год да 2015 лістоў аконнага шкла. Побач вырасла новае паселішча шкловытворцаў – НоваяГута. Па суседству дзейнічала мукамольная вытворчасць. Засценак называўся Жорнішча.



У 1820 годзе маёнтак і гуту атрымаў у спадчыну Станіслаў Радзішэўскі (1788-1844). Ён быў прафесійным вайскоўцам: напачатку служыў у расійскім врйску, а падчас вайны 1812 года ў французскім войску атрымаў званнё падпалкоўніка. Пасля вызвалення з расійскага палону адышоў ад вайсковай службы, ажаніўся з Кларай Абраімовіч з Беніцы і стаў жыць у Ільі. Яго арганізатарскія здольнасці паспрыялі таму, што ён бьіў абраны павятовым маршалкам спачатку ў Вільні, а затым у Вілейцы. У паўстанні 1830-1831 гадоў супраць расійскага панавання на землях былой Рэчы Паспалітай Радзішэўскі прыняў актыўны ўдзел як ваенны начальнік Вілейскага павета, а потым ў званні палкоўніка ў корпусе Гэлгуда ўзначаліў пяхотны полк.



На задушэнне паўстання ў Вілейскі павет быў накіраваны Тэпцярскі казачы полк пад камандаваннем палкоўніка Бальцэнталя, які, шукаючы паўстанцаў, у першую чаргу наведаў сядзібу іх камандзіра ў Ільі і дашчэнту яе разбурыў і разрабаваў. Жонка Радзішэўскага, Клара, хутка пасля гэтага двойчы падавала скаргу мінскаму ваеннаму губернатару князю Даўгарукаву, што стала падставай для разбірацельства на месцы некалькіх чыноўнікаў.



Высветлілася, што з указанага маёнтка 11 красавіка 1831 года на 30 вазах былі вывезены найбольш каштоўныя ўпрыгожванні з каштоўных металаў і камянёў, старажытны посуд, сталовае срэбра, нумізматычныя і мінералагічныя калекцыі, усё дворнае збожжа, садавіна, гародніна, спіртныя напоі і іншы правіянт, а таксама захоплена ўся дворная жывёла. Адных толькі дываноў было забрана 14 штук, 25 карцін і некалькі дзесяткаў сямейных партрэтаў, 5 рэдкіх музычных інструментаў, вялікая бібліятэка, архіў і іншыя гістарычныя і мастацкія каштоўнасці такіх вядомых у Беларусі родаў, як Радзівілы, Коцелы, Бржастоўскія і Валадковічы. Усё астатняе, што камандаванне палічыла непатрэбным, было аддадзена карнікам на разгром і рабаванне, якія цягнуліся ўсю ноч. Толькі ў 12 гадзін наступнага дня цяжка гружаны абоз рушыў у кірунку Сосенкі на Вілейку і далей на Вільню. Па некаторых звестках, гэты полк рабаваў і іншыя маёнткі ў Вілейскім павеце. Клара Радзішэўская ацаніла свае страты спачатку ў 160 тысяч рублёў асігнацыямі, а пазней і ў 205 тысяч рублёў.



Улады ўсялякім чынам жадалі хутчэй пазбавіцца ад гэтай судовай справы, тым больш, што 21 снежня 1831 года мінская губернская судовая камісія завочна асудзіла паўстанцкага камандзіра Станіслава Радзішэўскага.



Праз два гады кіраўнік МУС Расіі дакладваў па гэтай справе самому імператару, які наклаў рэзалюцыю аб прыпыненні судавядзення, а так як муж скаржніцы прызнаны дзяржаўным злачынцам, то ўсе страты яна павінна ”прыпісаць да віны свайго мужа ў сувязі з дзейнасцю войскаў”.



Маёнтак Ілья і ўся іншая маёмасць, у тым ліку і новая гута, былі зноў канфіскаваны ў дзяржаўную скарбонку.



У гістарычнай літаратуры ёсць звесткі, што ў 40-х гадах XIX стагоддзя на Вілейшчыне з'явіўся невялікі шклозавод каля вёскі Паграбліцы. Але гэта памылка ў напісанні назвы. На самой справе вёска называецца Паграбішча, а ў той час яна з'яўлялася аддзеленым участкам маёнтка Ілья. Вычарпаўшы ўсе прыродныя рэсурсы каля засценка Стрэжыслаў (Новая Гута), вытворчасць шкла была перанесена ў новае месца і стала паступова перарастаць у капіталістычную, а прыгонныя рабочыя замяняліся на вольнанаёмных.



У канцы XIX стагоддзя, калі насельніцтва стала адмаўляцца ад лучыны і пераходзіць на лямпу, асабліва ўзмацніўся попыт на шкло да яе. Таму ў той час Залеская гута, акрамя выпуску гэтых вырабаў, спецыялізавалася на аптэкарскім і хімічным посудзе.



Калі ў 1879 годзе завод перайшоў да Нарбута Васнеўскага, на ім працавала 36 чалавек, а прадукцыі выраблялася на 4800 рублёў. У І880-1890-я гады на гуце працавала ўжо 110 рабочых, а ў 1903 годзе – 157 і прадукцыі выпускалася на 90700 рублёў. У пасёлку гутнікаў у той час пражывала 420 чалавек. 3 1900 года завод перайшоў у рукі купца Левіна, які здаў яго ў арэнду Цілесу.



У гэты час у краіне стварыліся ўмовы для ўзнікнення манапалістычных аб'яднанняў. Сярод іншых у 1910 годзе было створана і акцыянернае таварыства па эксплуатацыі Залескага шклозавода, у якое ўваходзілі Цілес, Ашкіназі і Грытгаўз. 3 пачаткам першай сусветнай вайны тут выпускалася пераважна толькі зялёнае аконнае шкло і просты посуд для мясцовага рынку.



На той час з 23 існаваўшых на тэрыторыі Беларусі гут працавала толькі 9. У канцы 1916 года акцыянеры Залескай гуты, захапіўшы з сабой усё каштоўнае абсталяванне і грошы, уцяклі ўглыб Расіі. 3 гэтага часу і да 1936 года гута не працавала.



Размешчаная сярод лесу, удалечыні ад гарадоў, гута заўсёды мела танную рабочую сілу. Сярод рабочых-гутнікаў заўсёды было многа дзяцей і жанчын. Умовы працы на гуце былі такія, што нават даросламу цяжка было вытрываць больш за 2-3 гадзіны запар. Тым не менш, да 1882 года на шклозаводзе працавалі дзеці ад 8 да 16 гадоў. Асноўнай прычынай гэтаму была нізкая аплата дзіцячай працы. Калі сярэдні месячны заробак мужчыны складаў 25 рублёў і 96 капеек, жанчыны – 10-12 рублёў, дык у падлетка ён быў роўны 6 рублям 64 капейкам.



Ёсць звесткі, што ў часы першай рускай рэвалюцыі 1905 года тут была праведзеная маёўка рэвалюцыйна настроеных рабочых гуты, куды ўпершыню прыбыў малады Янка Купала з мэтай распаўсюджвання нелегальнай літаратуры, атрыманай ад Аляксандра Бурбіса – аднаго з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. Другі раз гэта прадпрыемства ўжо даволі вядомы паэт наведаў летам 1911 года, калі ён жыў у недалёкіх Акопах (Лагойшчына). Вынікам гэтага ў першай беларускай газеце "Наша ніва" з'явіўся вострасацыяльны публіцыстычны артыкул "3 гуты "3алессе" падпісаны псеўданімам ”Ня-гутнік". Аўтар апісаў жахлівыя ўмовы працы рабочых, бессаромную эксплуатацыю падлеткаў: "Пякельная гарачыня, безупынная бегатня, бразгатня бітага шкла; калі-нікалі крык або плач апечанага дзіцяці...". Купала адзначаў, што зарплату рабочым выплачвалі нерэгулярна і нярэдка па частках або замест грошай выдавалі квіткі, у выніку чаго адбывалася зніжэнне і без таго нізкай заработнай платы. Гэту гуту, па словах паэта, яшчэ тады называлі Ільскай. Відаць, не выпадкова дасылаў пазней у "Нашу Ніву", калі галоўным рэдактарам яе працаваў сам Янка Купала, свае лісты юнак з гуты "Залессе" Аляксандр Альшэўскі, які пасля заканчэння народнага вучылішча, не маючы сродкаў на далейшую вучобу, працаваў памочнікам каля печы, вырабляючы аптэкарскі посуд. А яму вельмі хацелася вывучыцца на мастака.



Амаль 20 гадоў завод не працаваў. У 1923 годзе ў рабочым пасёлку, дзе мелася 26 двароў, пражывала 149 жыхароў. Займаліся яны пераважна сельскай гаспадаркай. Толькі ў 1936 годзе было створана "Таварыства па аднаўленні і эксплуатацыі" завода "Залессе". Прадалі 45 паёў па 100 злотых. Пайшчыкамі таварыства сталі былыя кваліфікаваныя рабочыя і майстры з закрытага каля Вільні аналагічнага прадпрыемства – усяго 42 чалавекі. Яны ўдзельнічалі ў аднаўленні гуты, а кіраваў справай спрактыкаваны спецыяліст Браніслаў Сцефановіч, яго выбралі і старшынёй кааператыва. У другой палове 1937 года завод пачаў выпускаць прадукцыю, пераважна лямпавае і аконнае шкло, а таксама аптэкарскі посуд.



З далучэннем у верасні 1939 года Заходняй Беларусі да БССР і ўтварэннем Ільянскага раёна ў падпарадкаванні мясцовага райпрамкамбіната знаходзіўся і шклозавод "Залессе". У пачатку 1941 года на ім працавала 150 чалавек, але шклотрэст рэспублікі адмаўляўся ад гэтага прадпрыемства.



За час свайго гаспадарання ў гады Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты вывезлі з "Залесся" ўсё, што толькі можна было, будынак гуты ператварылі ў дзот, знішчылі амаль увесь пасёлак. Выпадкова захавалася толькі сем дамоў.



Аднаўленне народнай гаспадаркі рэспублікі, у тым ліку і шклозавода "Залессе", пачалося з першых дзён пасля вызвалення. Залесцы адрамантавалі ўцалелае абсталяванне, нарыхтавалі на месцы неабходныя віды сыравіны і паліва і ў канцы 1944 года змаглі пусціць гуту. Першай прадукцыяй адноўленага завода быў сартавы посуд. Затым у самы кароткі тэрмін быў наладжаны выпуск так неабходнага краіне аконнага шкла, якога ў 1944 годзе было выпушчана 12, а ў 1945 годзе – 28 тысяч квадратных метраў. Крыху пазней была асвоена вытворчасць ізалятараў для тэлефонных ліній.



Вялікі ўклад ў пасляваеннае адраджэнне завода і яго далейшае станаўленне ўнеслі як даваенныя спецыялісты-шкляры, так і новае пакаленне гутнікаў. Сярод іх выдзяляецца Васіль Мордас. Былы партызан мясцовай брыгады імя Фрунзе, ён нязменна узначальваў завод з 1945 да 1971 года. Гэта яго намаганнямі пасёлак шклозавода "Залессе" ў 1969 годзе атрымаў назву Партызанскі, а само прадпрыемства з невялікага ператварылася ў буйное індустрыяльнае. Даваенны ўзровень (1940 г.) выпуску прадукцыі завод дасягнуў у 1953 годзе.



3 пункту гледжання рацыянальнага размяшчэння месца гуты не зусім удачнае. Таму кіраўніцтва завода ў 1960 годзё вымушана было стварыць на чыгуначнай станцыі "Уша" (мястэчка Краснае) перавалачную базу. Праз яе прадпрыемства праводзіла адгрузку гатовай прадукцыі, а таксама атрымлівала і завозіла асноўную сыравіну, матэрыялы і паліва. Калі раней на гуце карысталіся мясцовым кварцавым пяском, які дабывалі ўручную за 500 м ад завода, то з цягам часу запасы яго пачалі заканчвацца, і з 1960-х гадоў сталі завозіць з Лоеўскага (Гомельская вобласць) месцанараджэння.



Акрамя шкляных вырабаў, прадпрыемства пачало рэалізоўваць не толькі па ўсім Са-вецкім Саюзе, але і на экспарт сілікатную глыбу, або як яе яшчэ называюць – "вадкае" шкло.



У 1968 годзе толькі адных слоікаў пад закручванне накрыўкамі быў выпушчаны 1 мільён 750 тысяч штук. 25 гадоў таму на прадпрыемстве працавала 494 чалавекі.



Разам з заводам развіваўся і пасёлак. Будаваліся новыя шматпавярховыя дамы, школа, дзіцячы сад, аб'екты іншай інфраструктуры. Важкі ўклад у гэта ўнеслі Ігар Трусаў, Іван Рыбак, Міхаіл Ціхончанка, якія ў свой час не адзін год працавалі кіраўнікамі завода.



Але з сярэдзіны 1990-х гадоў ужо мінулага стагоддзя, прадпрыемства стала перыядычна ліхарадзіць. Упаў попыт на выпускаемую прадукцыю, страчаны рынак яе збыту з-за нізкай канкурэнтаздольнасці. Пачалі скарачацца працоўныя месцы. Сапраўдны крызіс наступіў у ацяпляльны перыяд 2000-2001 гадоў. Спынілася вытворчасць, каля 300 працаўнікоў завода вымушаны былі пайсці ў непрадбачаны адпачынак.



1 сакавіка з дапамогай грашовых і іншых уліванняў прадпрыемства аднавіла сваю дзейнасць, але толькі да 5 кастрычніка, бо было спешна закрыта на рэканструкцыю. Яна пачалася вельмі актыўна і бурна, але і рэзка закончылася яшчэ на пачатковым этапе, калі закончылася фінансаванне.



Завод перадаецца на баланс Мінскай абласной пладова-гародніннай гаспадаркі і амаль цалкам спыняе сваё існаванне, захаваўшы за сабой вялікую запазычанасць перад дзяржавай і іншымі арганізацыямі. У яго штаце налічваецца цяпер каля 10 чалавек – выконваючы абавязкі дырэктара, бухгалтар, вартаўнікі...



Калісьці квітнеючае прадпрыемства, якое для многіх яго працаўнікоў і жыхароў пасёлка з’яўлялася не толькі сродкам заробку, але і сэнсам жыцця, зноў чакае гістарычнага вырашэння свайго лёсу.






Анатоль РОГАЧ

18.02.2006 г.

Падобныя навіны:

Каментары










Імя:*
E-Mail:
Паўтлусты Нахільны тэкст Падкрэслены тэкст Закрэслены тэкст | Выраўноўванне па левым краі Па центры Выраўноўванне па правым краі | Устаўка ўсмешак Выбар колеру | Схаваны тэкст Устаўка цытаты Пераўтварыць абраны тэкст з трансліта ў кірыліцу Устаўка спойлера
Пытанне:
Назавіце прозвішча пісьменніка, што жыў і памёр у выгнанні, напісаў "Доўгая дарога дадому", "Знак бяды" і інш.
Адказ:*

СТУЖКА НАВІНАЎ

АПОШНІЯ КАМЕНТАРЫ

ГАЛЕРЭЯ


Танныя кнігі пра паўстанне на Вялейшчыне



НАДВОР'Е

< >
    ПАМЫЛКА ЗЛУЧЭННЯ Дадзеныя прадастаўлены сайтам rp5.by