Аўтарызацыя | Рэгістрацыя

У гімназіі № 2 адбылася вечарына беларускага народнага танца

У чацвер, 20 лістапада, Вілейская гімназія № 2 гасцінна расчыніла свае дзверы для прыхільнікаў народнага танца. Тут стала добрай традыцыяй праводзіць фальклорныя святы і фестывалі, выставы і майстар-класы па традыцыйнай культуры беларусаў. І на гэты раз вечарына народнага танца прайшла прыгожа і ўзнёсла. Увесь вечар гучала родная мова і лілася непаўторная музыка, напаўняючы душы чыстымі настальгічнымі пачуццямі. Ніхто з удзельнікаў не застаўся абыякавым.

 

Прыгожае музычнае суправаджэнне было наладжана сябрамі з Мінска – удзельнікамі музычнай капэлы "На таку”, студэнцкага этнаграфічнага таварыства і клуба традыцыйнага танца "Сіта” – Таццянай Матафонавай (скрыпка), Аляксеем Крукоўскім (акардэон), Сяргеем Лісіцай (бубен). Святлана Клепікава і Марыя Аднадворцава ладзілі майстар-класы па народным танцы і зацікаўлена здымалі ўзоры мясцовай танцавальнай традыцыі, якую з вялікім захапленнем дэманстравала і гасцям, і вучням гімназіі Зінаіда Крупская, былая настаўніца фальклорнага танца, музыка, спявачка і сапраўдная знаўца народнай культуры Вілейшчыны.

Да сталічнага ансамбля ўдала далучыліся настаўнікі музыкі гімназіі Міхаіл Ермаковіч і Уладзімір Версан, а на дапамогу Зінаідзе Крупскай прыйшлі харэографы Ірына Новік і Кацярына Кондрусь, кіраўнік фальклорнага гурта "Чабарок” Таццяна Каркотка.

 

Традыцыйна на вечарыну былі запрошаны ўдзельнікі клуба ветэранаў Вілейскага Палаца культуры. Галіна Капцюг, Аляксандра Вілуціс, Валянціна Балвака, Лідзія Гіль і многія іншыя паказалі сапраўдны ўзор душэўнай маладосці. Бо танец, як нішто іншае, дапамагае чалавеку захаваць сябе эмацыянальна і фізічна ў добрай форме.

Шкада, што мы забываем сваю культуру і губляем гэтыя даступныя крыніцы натхнення. Вельмі хочацца, каб нашы дзеці вывучалі і стараліся захаваць усё тое добрае, што праз стагоддзі складанага жыцця і выпрабаванняў пранёс наш народ і перадаў нам з надзеяй, што ніякая цывілізацыя не адбярэ ў нас ключы ад цікавага і змястоўнага жыцця.

Вечарына беларускага народнага танца – гэта ўрок практычны, да якога добра б дадаць і невялічкую інфармацыю.

Па асаблівасцях харэаграфічнай структуры народныя танцы можна падзяліць на некалькі груп. Да першай, больш значнай і па мастацкіх, і па колькасных паказчыках, належаць старадаўнія (традыцыйныя) беларускія танцы: "Лявоніха”, "Мяцеліца”, "Качан”, "Таўкачыкі”, "Крыжачок”, "Кола”, "Мікіта”, "Чобаты”, "Юрачка”. Для гэтых танцаў характэрны агульны для ўсіх удзельнікаў кампазіцыйны малюнак, масавае выкананне з неабмежаванай колькасцю танцораў, паўторы дзвюх-трох тыпавых музычна-пластычных формул, частае песеннае суправаджэнне.

Да другой групы мы можам аднесці кадрылі, што прыйшлі да нас з Заходняй Еўропы ў сярэдзіне 19 стагоддзя і з цягам часу набылі мясцовыя стылявыя асаблівасці і яркі нацыянальны характар. Асноўная прыкмета кадрыляў – размяшчэнне цотнай колькасці пар (4,6,8,12) па вуглах квадрата або ў дзве шарэнгі, крыжападобныя пераходы пар і абмены партнёрамі. На Беларусі сустракаецца мноства разнавіднасцей кадрылі, у тым ліку "лінейныя”, "касыя”, "кругавыя”, "тоўстыя”, "тонкія”, "у паўкола”, кампазіцыі якіх часта ўключаюць польку, лявоніху і іншыя танцы.

Да трэцяй групы народных танцаў аднясём полькі – танец чэшскі, але вельмі блізкі па духу беларускаму харэаграфічнаму фальклору. Полька стала любімым танцам вёскі і набыла мноства рэгіянальных варыянтаў. Усе яны аб’ядноўваюцца наяўнасцю абавязковага ланцужка полечных вярчэнняў, якія ўдала камбінуюцца з танцавальнымі элементамі: "прытопамі”, "калупалачкамі”, "драбушкамі”, прысяданнямі, адкідваннем назад сагнутых у каленях ног, скачках праз нагу, пад’ёмаў партнёршы і г.д.

Чацвёртую групу народных танцаў утвараюць гарадскія бытавыя і бальныя танцы і танцы, створаныя на музычнай аснове папулярных песень: "Ойра”, "Падэспань”, "Вянгерка”, "Месяц”, "Карапэт”, "Лысы”, "Субота”, "Страданне”, "Нарэчанька” і іншыя. Гэтым танцам уласціва своеасаблівая "блочная” канструкцыя з дастаткова абмежаванай колькасцю стандартных рухаў і адной якой-небудзь характэрнай дэталлю.

Асобна можна выдзеліць і танцы з неабмежаванай магчымасцю імправізацыі, якія могуць выконвацца як у масавым, так і ў сольным варыянце. Гэта "Сербіянка”, "Сямёнаўна”, "Цыганачка”, "Матлёт” і іншыя. У іх адсутнічаюць устаноўлены парадак фігур, абавязковыя паўторы, строга вызначаная ўзаемасувязь партнёраў. Кожны ўдзельнік танцуе "сам па сабе”, выказваючы ў рухах свае пачуцці і ствараючы свой індывідуальны танец.
На вечарыне Зінаіда Васільеўна паказала, як танцавалі "шляхецкія” і "мужыцкія” вальсы, "панскі” і "прасцецкі” кракавяк, прывяла прыклады харэаграфічнай імправізацыі. Вялікую цікаўнасць выклікаў паказаны ёю кракавяк "тройкамі” і "сонцам”.

У гімназіі № 2 адбылася вечарына беларускага народнага танца

 

"Ой, іграй, іграчу, а я табе заплачу. А я кошку прадам, табе грошы аддам”,– з гумарам падпявалі танцоры. У народзе казалі: "З музыкі хлеб невялікі”. Але потым дадавалі: "Але як зайграе, то нешта й мае!”. Вялікая роля ў танцы адводзіцца музыцы. Інструментальнае суправаджэнне танцаў у нашага народа, як і ў іншых народаў, мянялася з цягам часу. Даўней папулярнымі былі дудары: "Без дуды ходзяць ногі не туды, а як дуду пачуюць самі ногі танцуюць!” Пазней, разам з дудою, танцам акампаніравалі скрыпка, цымбалы і бубен. Затым да скрыпкі далучылася басэтля са своеасаблівым нацыянальным каларытам, а з другой паловы 19 стагоддзя да нас прыйшоў гармонік, за ім і баян, акардэон, іншыя сучасныя музычныя інструменты.

Гучала музыка, кружыліся пары, прыпеўкі чаргаваліся з жартамі… Вечар пакінуў добры настрой і душэўную цеплыню ад танцаў, ад знаёмства са сціплымі і шчырымі людзьмі. Маем надзею, што такія вечарыны ў Вілейскай гімназіі № 2 будуць праводзіцца яшчэ не адзін раз. Спадзяёмся на далучэнне зацікаўленых людзей, тых, хто любіць народную культуру і хоча зберагчы яе для нашчадкаў.

 

Мікалай ІВАНЕНКА,  намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА "Вілейская гімназія № 2” /// "Шлях перамогі"

Падобныя навіны:

Каментары










Імя:*
E-Mail:
Паўтлусты Нахільны тэкст Падкрэслены тэкст Закрэслены тэкст | Выраўноўванне па левым краі Па центры Выраўноўванне па правым краі | Устаўка ўсмешак Выбар колеру | Схаваны тэкст Устаўка цытаты Пераўтварыць абраны тэкст з трансліта ў кірыліцу Устаўка спойлера
Пытанне:
Назавіце прозвішча пісьменніка, што жыў і памёр у выгнанні, напісаў "Доўгая дарога дадому", "Знак бяды" і інш.
Адказ:*

СТУЖКА НАВІНАЎ

АПОШНІЯ КАМЕНТАРЫ

ГАЛЕРЭЯ


Ручыца. Новыя падарожжы дылетанта (відэа)