Аўтарызацыя | Рэгістрацыя

Прынарачанская Равутка: гаспадары чароўнай мясціны

6 кастрычніка 2014, Катэгорыя - КУЛЬТУРА » Гісторыя

Прынарачанская Равутка: гаспадары чароўнай мясціны

 На ганку ў Равутцы. 6 снежня 1915 года


Летапіс кожнага старажытнага паселішча краю можна параўнаць з цікавай прыгодніцкай кнігай, з якой вырвалі і згубілі першыя старонкі, а старонкі першых раздзелаў патрапаў час. Толькі па асобных сказах можна рабіць выснову пра змест. Затое наступныя раздзелы гэтай кнігі без прабелаў і даюць поўны малюнак сучаснага жыцця мясціны.

Уступ да кнігі пра лёс маёнтка Равутка зроблены ў далетапісныя часы і дасягае пачатку 16 стагоддзя. Першыя яе раздзелы ахопліваюць 17-19 стагоддзі, калі становяцца вядомымі імёны тагачасных гаспадароў маёнтка. А наступныя раздзелы адносяцца да мінулага стагоддзя, калі распачынаецца новы этап у гісторыі гэтай прынарачанскай мясціны.

Першыя згадкі пра Равутку       

Прынарачанская Равутка: гаспадары чароўнай мясціны

 Карта 1938 года.

 
Адна з першых вядомых згадак аб Равутцы знаходзіцца ў падымным рэестры Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага 1690 года. У гэтай своеасаблівай падатковай дэкларацыі пазначана, што ў Войстамскай парафіі знаходзіцца Равутка Доктараўская пана Вяльбута. У іншай копіі рэестра з 1710 года ўладальнікамі Равуткі Доктараўшчыны значацца паны Пётр Буяльскі, Ян Крынскі, Людвік Шкленнік і Стэфан Блажэвіч. Па абюраце, ці задэклараванай пад прысягай лічбе дымоў, у 1690 годзе на паселішча прыпадае адзін дым.

У вопісе Войстамскай парафіі Свірскага дэканата Віленскай дыяцэзіі 1744 года ў пераліку населеных пунктаў парафіі прысутнічае звестка пра Равутку. Больш інфармацыі пра яе падае войстамскі плябан, ксёндз Баніфацы Шыманоўскі ў наступным вопісе паселішчаў парафіі 1784 года.
 
Свірскі дэкан Шыманоўскі пазначыў, што двор Равутка, які належаў яснавяльможным панам Валодзькам, быў размешчаны каля рэчкі Нарочы і знаходзіўся за паўтары вялікія мілі на паўднёвы ўсход ад войстамскага касцёла. На ручаі, які выцякаў з балот каля Рускага Сяла Хамінскага, у Равутцы знаходзіўся млын са ставам. У гэты час уся правабярэжная частка ракі Нарачанкі дадзенай мясцовасці з суседнімі паселішчамі Косічы і Камарышкі належалі таксама Валодзькам.
 
Людвіг Ходзька – абаронца ад царызму
 
Пасля Валодзькаў гаспадарамі Равуткі становяцца на непрацяглы час Астроўскія, а ў 1797 годзе маёнтак адкупляе Людвіг Ходзька (1769-1843). Сын лоўчага Ашмянскага павета Казіміра Ходзькі, радца мясцовай канфедэрацыі, рэгент Людвіг Барэйка Ходзька, як пасол на Гарадзенскі сойм 1793 года, актыўна пратэставаў супраць падзелу Рэчы Паспалітай.
 
Яго паведамленні на сойме адрозніваліся экскурсамі ў гісторыю дзяржавы, пошукамі аналогій з падзеннем Рымскай імперыі і спробай іх абгрунтавання. У званні маёра прымаў чынны ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі супраць расійскага царызму. Быў маршалкам Завілейскага павета.
 
У шлюбе з Валерыяй Дэдэркай меў шасцярых сыноў і дзвюх дочак. Усіх іх хрысцілі ў Груздава-Аборскім касцёле Ашмянскага павета. Найбольшую вядомасць з іх набыў  гісторык, публіцыст, сакратар і зберагальнік спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага, выдавец літаратурных твораў, прац па гісторыі, геаграфіі і статыстыцы нашага краю ў эміграцыі Леанард Ходзька (1800-1871).
 
Самы малодшы яго брат Сотэр Ходзька (1817-1868) у сярэдзіне 19 стагоддзя акрамя бацькавай Равуткі абжыў свой новы ўласны фальварак Струменне. Пахаваны Сотэр на войстамскіх могілках. Яго магіла захавалася да сённяшняга часу.
 

Прынарачанская Равутка: гаспадары чароўнай мясціны

Магіла Сотэра Ходзькі ў Войстаме.
 
Прафесар матэматыкі запрасіў Бакшанскіх

Наступным уладальнікам маёнтка становіцца прафесар матэматыкі Віленскага ўніверсітэта Полазаў. Разам з сям’ёй ён кожны год у летнія месяцы выязджае на адпачынак ў гэты прыгожы куток Вілейшчыны. Пасля яго смерці жонка Браніслава з дому Цераўскіх разам з дачкой Геленай перабіраюцца сюды на сталае жыхарства.

Гаспадарчымі справамі маёнтка займаецца муж Гелены Полазавай Міхал Бакшанскі. Па дадзеным перапісе ад 9 снежня 1931 года Равутка складалася з двух жылых будынкаў, дзе жылі 14 чалавек. Паводле сведчанняў доўгажыхароў, вялікую гаспадарку маёнтка абслугоўвалі нанятыя людзі з "калёніі”, якія пастаянна жылі там.
 
Паходзіў новы і апошні гаспадар Равуткі са старадаўняга шляхецкага роду Бакшанскіх. Ён карыстаўся гербам "Сякера”.
 
Госці любілі з парога трапіць у Нарачанку


 

 

 Рэвутка 1930-я годы.


 
 
У 16 стагоддзі за ваенныя заслугі ў вайне з туркамі кароль Ян ІІІ Сабескі аддзячыў Бакшанскім маёнткамі Жодзішкі, Тупальшчына і Пілавойці. Бацька Міхала Бакшанскага Ёзаф гаспадарыў у спадчынным маёнтку Тупальшчына пад Жодзішкамі.
 
Пасля яго смерці Тупальшчына перайшла да сына Уладзіміра Бакшанскага, які ў міжваенны час 20 стагоддзя арганізаваў у той мясціне лецішча, дзе адпачывалі ад 60 да 90 гасцей з розных куткоў Польшчы.
 
На прыкладзе старэйшага брата, Міхал Бакшанскі ў сваёй маляўнічай і зацішнай Равутцы наладжвае такі ж самы вясковы адпачынак для гасцей, але ў больш сціплых памерах. Прываблівала сюды гарадскіх наведнікаў не толькі добрае натуральнае харчаванне, прырода з чыстым паветрам, але і магчымасць амаль з сядзібнага парога трапляць у воды Нарачанкі.
 
Ратуюць яўрэяў ад нацыстаў
 
Рызыкуючы ўласным жыццём, у гады Другой сусветнай вайны Бакшанскія ратуюць ад нацысцкага пераследу сям’ю з Лодзі і даюць выгнаннікам на некаторы час прытулак у сваім доме.

Аўтарка ўспамінаў "Уцячы ад Галакосту” Эмануэла Цунге з удзячнасцю ўзгадвала стаўленне да іх гаспадароў маёнтка і некалькі старонак кнігі прысвяціла тагачаснаму побыту ў Равутцы. Адлюстравала яна і трагічныя падзеі ў жыцці насельнікаў суседняга Рускага Сяла.
 
Равутка засталася без гаспадароў
 
Пасля вайны лёс выгнаннікаў са свайго роднага кута чакаў і сям’ю Бакшанскіх. Яны пакідаюць свой маёнтак і пераязджаюць ў Рабін каля горада Бялагард у Заходнепаморскае ваяводства Польшчы.
 
Равутку, якая засталася без гаспадароў, як і большасць пакінутых уласнікамі мясцін краю, час не пашкадаваў. Сёння з-за хмызняку не бачна нават камянёў падмурка сядзібы, вакол буяе баршчэўнік і крапіва, крыху праглядаецца старая дарога па лесе і палі ад мастка праз Равутку. Хутар Равутка ў 1966 годзе быў сселены і канчаткова перастаў існаваць на сваім гістарычным месцы.
 
Зрабілі месца для памяці
 
Чарговая старонка кнігі летапісу гэтага кутка Вілейшчыны запісваецца ўжо на супрацьлеглым, левым, беразе Нарачанкі ў аднайменным урочышчы "Равутка” каля Заброддзя. У 1970-я гады сюды з гарадскога сталічнага тлуму пераязджаюць Барыс Барысавіч і Валянціна Пятроўна Цітовічы і ствараюць тут асяродак нацыянальнай культуры і асветы.
 
Крок за крокам, дзень за днём гэтымі нястомнымі творчымі людзьмі і іх аднадумцамі закладваецца Кветнік памяці, ратуюцца ад поўнага забыцця і ўшаноўваюцца месцы апошняга спачыну ўдзельнікаў Першай сусветнай вайны ў тутэйшых мясцінах, праводзіцца велізарная праца па музеефікацыі ландшафтнай прасторы ўрочышча.
 

Прынарачанская Равутка: гаспадары чароўнай мясціны

 Эскіз званіцы.

 
Галоўным духоўным цэнтрам Музея памяці Першай сусветнай вайны ва ўрочышчы Равутка стала капліца-помнік у гонар Барыса і Глеба. Храм і капліца-званніца, што ўзнеслася побач дзякуючы аўтарам праекта − мастаку Барысу Цітовічу і архітэктару Анатолю Капцюгу, былі выкананыя ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства Беларусі і з’яўляюцца непаўторнымі архітэктурнымі набыткамі ўсяго прынарачанскага краю.

Сёння памяць аб ахвярах Першай і Другой сусветных войнаў аб’ядноўвае тут усіх тых, хто наведвае гэту мемарыяльную мясціну. А як адзначаў адзін з добра вядомых ранейшых наведнікаў Заброддзя Васіль Быкаў, "пакуль чалавецтва будзе ўсведамляць і памятаць, што яно перажыло ў сярэдзіне 20 стагоддзя, што страціла і чаго дамаглося, – новая вайна немагчыма”.

Адкуль прыйшла назва Равуткі
 
Нельга абмінуць увагай паходжанне самой назвы Равутка. Праўдападобна, што назва паселішча магла ўтварыцца ад аднайменнага гідроніма, бо правы прыток ракі Нарачанкі да сённяшніх дзён захаваў сваю даўнейшую першапачатковую назву. Шумлівы ў час вясенняй паводкі ручай-"равун” атрымаў характэрную назву, а потым назва прытока перайшла на заснаванае тут паселішча. Гідронімы "Рэўт” сустракаюцца ў прытоках рэк Днестр, Сейм, Ака.
Аднак нельга цалкам выключыць і іншае тлумачэнне назвы Равутка. Стараславянская назва звона была "рэвут”, што сведчыла пра нізкі тэмбр яго гучання. Беларускі знаўца тапанімікі В.А.Жучкевіч у сваіх даследваннях таксама адзначаў, што "значэнне асновы –  звон, званар”.
 

Прынарачанская Равутка: гаспадары чароўнай мясціны

 Нарачанка і вусце Рэвуткі.


 
Звон "Рэвут” з’яўляецца гербам расійскага горада Рэвутаў, такую ж самую назву мае другі па велічыні звон на Успенскай званніцы Маскоўскага Крамля. Па меркаванні навукоўцаў, у нашым выпадку рака Нарачанка са старажытных часоў з’яўлялася мяжою паміж балтамі і славянамі, пазней паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі падзеламі краю.

Вілейскія вёскі Кардон і Ганута (назва мае балцкае паходжанне і азначае "сцерагчы”) на берагах ракі выразна сведчаць пра мяжу тых былых падзелаў. Калі так, то па Нарачанцы ў мінулым магла пралягаць сігнальная лінія храмаў і веж-званіц, якія сваім звонам перадавалі вестку аб набліжэнні небяспекі ці папярэджвалі насельніцтва аб якой-небудзь значнай падзеі. Заснаванне ў даўнейшыя часы ў гэтай стратэгічнай мясціне званіцы з "Рэвутам” магло ў далейшым сфарміраваць паселішча з назвай  Равутка.
 
Уладзімір Прыхач, http://www.rh.by/

Падобныя навіны:

Каментары










Імя:*
E-Mail:
Паўтлусты Нахільны тэкст Падкрэслены тэкст Закрэслены тэкст | Выраўноўванне па левым краі Па центры Выраўноўванне па правым краі | Устаўка ўсмешак Выбар колеру | Схаваны тэкст Устаўка цытаты Пераўтварыць абраны тэкст з трансліта ў кірыліцу Устаўка спойлера
Пытанне:
Назавіце прозвішча пісьменніка, што жыў і памёр у выгнанні, напісаў "Доўгая дарога дадому", "Знак бяды" і інш.
Адказ:*

СТУЖКА НАВІНАЎ

АПОШНІЯ КАМЕНТАРЫ

ГАЛЕРЭЯ


Ручыца. Новыя падарожжы дылетанта (відэа)