Аўтарызацыя | Рэгістрацыя

Апытанне ў Вялейцы: які ваш самы запамінальны Новы год?

3 студзеня 2014, Катэгорыя - Навіны рэгіёну, Кажуць што...
Што незвычайнага можа здарыцца на Новы год з вялейчукамі?
 
Андрэй Дударчык, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі:
 

 

– Запомнілася святкаванне мінулага Новага года. Убачыў тады, што дачка намаганнямі бацькоў дагэтуль верыла, што Дзед Мароз існуе на самой справе. І было вельмі прыемна.

Пачнём з таго, што дачка ўвесь год марыла пра смартфон і чакала яго ў падарунак. Але ж падобны падарунак быў і для жонкі. 

У нас ёсць некалькі сямейных традыцый, звязаных з Новым Годам. Падарункі дорым так: заўсёды падпільноўваем момант, калі хтосьці на хвілінку выскачыць з пакою. А ў гэты момант хуценька кладзём пад ёлку падарунак.

Калі жонка на хвілінку адлучылася на кухню, паклаў ёй пад ёлку падарунак. Вярнулася. Кажу: "Паглядзі, што там пад ялінкай...”. Яна раскрывае падарунак, а там смартфон. Для жонкі гэта было нечакана. Але больш за ўсё мяне здзівіла рэакцыя дачкі. Яна была разгубленая і аж заплакала: "Дзед Мароз пераблытаў. Гэта павінен быць мой падарунак!”. Давялося супакойваць. І ўдалося выбраць момант, каб пакласці пад ёлку і яе падарунак. Кажу: "Ведаеш, дачушка, ты ж таксама паглядзі пад ёлкай. Можа, там два падарункі…”. Знайшла і яна свой смартфон.

Таму хачу пажадаць усім: калі ў вас пакуль няма ніякіх сямейных традыцый, не засмучайцеся, пачніце іх ствараць самі.
 

 Яна Гуліцкая, бібліятэкарка:

 

– Запамінальнае свята было ў той Новы год, калі толькі пабудавалі Нацыянальную бібліятэку ў Мінску. І мы ўсё са сваякамі сустрэлі Новы год ля бібліятэкі, з шампанскім, феерверкам.

І з таго часу кожны Новы год сустракаем там.
 

Марыя Узгорак, інспектар па кадрах:

 

– Гэта гісторыя адбылася, калі вучылася ў 9-м класе. Раніцай 31 снежня цёця адправіла мяне ў суседнюю вёску забраць прадукты. Пасадзілі на калгасны аўтобус. Як потым аказалася, не той: ён прывёз мяне не ў суседнюю вёску, а ў Вялейку. А яшчэ кіроўца ці то ў жарт, ці ў сур'ёз казаў, што вярнуцца ў вёску толькі раніцай.

Грошай на білет на аўтобус не было: я ж толькі забраць прадукты ехала. Так што, давялося чакаць іншага транспарту, які ў вёску пойдзе. І я, з бігудзі на галаве, з дзесяці раніцы да сямі вечара прасядзела ў Вялейцы. Усё ж дачакалася машыну.

А клубе на Новы год я была Снягуркай. І кіроўца, які вёз мяне дадому, хваліўся: "Гэта я вам Снягурку даставіў”.
 

Алеся Высоцкая, дырэктар Палаца культуры:

 

– Адразу прыгадаўся той год, калі мне споўнілася 18. У гэты Новы год мая бабуля Тася з Рабуні ўстроіла асаблівае свята для ўнукаў.

Першае, што мы ўбачылі ў хаце – ля ўвахода ў кухню стаялі вазы з галінкамі ёлкі, на якіх былі шышкі. Яны так цудоўна пахлі! Адразу адчувалася, што ў доме свята.

У зале стаяла ёлка – вядома, ж натуральная. Яна была ростам з самага большага ўнука: бабуля адмыслова падбірала. Ёлку ўпрыгожвалі цацкі з таго часу, як яна была маленькая: лялечкі, морквачкі, размаляваныя драўляныя шары. І гірлянда была ранейшая. А яшчэ бабуля спякла хрушчы – і цямнейшыя, і святлейшыя – і павесіла на ёлку.

Сказала, што мы павінны выбраць сабе з ёлкі тое, што спадабалася. Кожны выбраў сабе падарунак. А яна: "Цяпер я вам раскажу, што гэта значыць” – гэтак рабілі калі яна была маленькая. Напрыклад, калі выбраў нешта спечанае – то будзеш гаспадыняй добрай, ці (калі гэта хлопец) жонку знойдзеш гаспадарлівую. Калі шар – то жэнішся ці замуж выйдзеш. Як хто ўзяў цукерку, то год будзе для яго салодкі, без усялякіх праблем.

Бабуля праспявала адну песню. Там не было ніводнага слова пра Новы год, але ўсё пра зіму – песня вельмі прыгожая, падобная на калыханку.

І калі мы пабеглі на кухню, яна сказала: "Стоп! Гэта ж Новы год і есці будзем вакол ёлкі”. Прынеслі стол. Яна сарвала галінку з ёлку, расцерла ў далонях – і мы ўсе так зрабілі.

Селі за святочную вячэру. Нейкіх асаблівых страў не было. Але хлеб, які бабуля выпекла, яна ўпрыгожыла выявай ёлкі. Апроч яе, дарослых за сталом не было – толькі ўнукі.
 

Вольга Шляпо, намеснік дырэктара Палаца культуры:

 

– Запомніўся той Новы год, калі з будучым мужам паехалі знаёміцца з маімі бацькамі. Надыходзіў 2000 год. Прыехалі раніцай на вакзал у Рэчыцу. Якраз столькі снегу наваліла, а дарогі не пачысцілі.  Адмянілі шмат рэйсаў, у тым ліку і наш. А да вёскі 40 кіламетраў. Вырашылі дабірацца іншым аўтобусам. Ён не заязджаў у вёску, а спыняўся на дарозе. Адтуль заставалася ісці чатыры кіламетры. Здаецца, няшмат, але ж ісці трэба было праз лес. Прыехалі, а тут такія сумёты – давялося ісці амаль паўзком. Столькі эмоцый было: і слёзы, і смех.

Дадому мы дабраліся толькі ў чатыры гадзіны дня. Бацькі, госці ўжо хваляваліся: а тут уваходзім мы – замерзлыя, у абледзянелым адзенні. А яшчэ ў лесе сумка наша прадзіравілася: згубілі падарункі, шампанскае. Камусьці потым быў добры сюрпрыз.

 Алесь Высоцкі, http://www.rh.by/

Падобныя навіны:

Каментары










Імя:*
E-Mail:
Паўтлусты Нахільны тэкст Падкрэслены тэкст Закрэслены тэкст | Выраўноўванне па левым краі Па центры Выраўноўванне па правым краі | Устаўка ўсмешак Выбар колеру | Схаваны тэкст Устаўка цытаты Пераўтварыць абраны тэкст з трансліта ў кірыліцу Устаўка спойлера
Пытанне:
Назавіце прозвішча пісьменніка, што жыў і памёр у выгнанні, напісаў "Доўгая дарога дадому", "Знак бяды" і інш.
Адказ:*

СТУЖКА НАВІНАЎ

АПОШНІЯ КАМЕНТАРЫ

ГАЛЕРЭЯ


Фільм 'Вялейскія запаветы'