Аўтарызацыя | Рэгістрацыя

Кожнае слова мае вагу

9 верасня 2013, Катэгорыя - Навіны рэгіёну, Дыскусійны клуб
 
У нумары 32 ад 9 жніўня 2013 года "Рэгіянальная  газета” надрукавала меркаванне свайго чытача Алеся Раткевіча пад назвай "Варварская высечка лесу”. Цяпер друкуем адказ лясгаса, які спрабуе выставіць Алеся Раткевіча невядома кім, за тое, што ён падняў балючую тэму. 
 

 

Аўтар артыкула абвінавачвае каго толькі можна за бескантрольнасць, за "бязглуздае знішчэнне лесу і варварскія адносіны да прыроды "прамыслоўцаў”, у якіх толькі адна мэта − "прага нажывы  людзей, у якіх толькі адна мэта − грошы, грошы і грошы”.

Лічым неабходным выказаць сваю пазіцыю ў адносінах да артыкула, які можа ўвесці чытачоў газеты і жыхароў вёскі Сакалоўка і прылеглых вёсак у зман.

Дык вось, паважаны "праўдашукальнік” Алесь Раткевіч, на вашае пытанне ў артыкуле "ці існуе ў нашай краіне хоць якая-небудзь распрацаваная техналогія па лесанарыхтоўцы”, даём зразумелы адказ.

Усе высечкі ў лясгасе і, у прыватнасці, у раёне вёсак Малявічы-сакалоўка-Новая Гута праводзяцца на аснове лесаўпарадкавальнага праекта, які выдаецца лясгасу на дзесяць гадоў. У ім пазначаецца, калі, дзе і колькі патрэбна высечы лесу.

Праект распрацоўвае лесаўпарадкавальнае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "Белдзяржлес”. Апошняе лесаўпарадкаванне ў лясгасе адбылося ў 2010 годзе. У кварталах каля вёсак Малявічы, Новая Гута нарыхтаваная драўніна (а гэта пераважна асіна, бяроза, алешына) не найвышэйшага гатунку, ёсць гніль.

Лесанарыхтоўшчыкі, якія набылі дзялянкі праз Беларускую ўніверсальную гандлёвую біржу, імкнуцца своечасова высечы і вывезці лес адпаведна з існуючым узростам высечкі галоўнага карыстання для кожнай пароды (узрост высечкі асіны − 41 год, бярозы − 61, хвоі і елкі − 81 год). Калі надыходзіць узрост рубкі, участак падлягае суцэльнай высечцы.

Лясны ўчастак, які ўзгадвае аўтар артыкула, у асноўным забалочаны, са зніжанымі глебава-тапалагічнымі ўмовамі, што замаруджвае нарыхтоўку і вываз. У некаторых кварталах можна праводзіць лесанарыхтоўчыя работы толькі зімой. У квартале 159 (атрыманая драўніна, размешчаная на фота у папярэднім нумары газеты) высечкі галоўнага карыстання ажыццяўляліся прадпрыемствам "Кронаспан” згодна з выпісаным лесабілетам і тэхналагічнай картай.
 

Кожнае слова мае вагу

 

Дарэчы, на вашае пытанне, паважаны Алесь Раткевіч, "дзе наша ахова прыродных рэсурсаў, чаму кантралюючыя арганізацыі не заўважаюць і не бачаць у гэтым праяву злачынства”, даём адказ.

Выкананыя работы кантралююцца службамі лясгаса, інспекцыяй па ахове навакольнага асяроддзя, інспекцыяй аховы расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, пра што складаюцца адпаведныя акты агляду. Нагадваем, што пасля высечкі лесу на вызваленых пляцоўках будуць зноў пасаджаныя лясныя культуры або ўчасткі пакінуць пад далейшае натуральнае зарастанне.

Штогод высечка галоўнага карыстання ў лясгасе ажыццяўляецца на плошчы каля 530 гектараў з наступнымі лесааднаўленчымі мерапрыемствамі. Аўтар не ўзгадаў у артыкуле, магчыма, знарок, што ў 2010 годзе менавіта ў гэтым рэгіёне з-за моцных шквалістых вятроў былі пашкоджаныя насаджэнні на плошчы каля 60 гектараў, дзе правялі суцэльныя санітарныя высечкі, хаця ведаў пра гэта. Да распрацоўкі гэтых бураломаў былі прыцягнутыя ўсе сілы лясгаса, а таксама іншыя лесанарыхтоўшчыкі для своечасовай уборкі пашкоджаных насаджэнняў. Вельмі многа працы было ўкладзена ў аднаўленне наступстваў стыхіі.

Хочацца параўнаць работу лесавода і работнікаў сельскай гаспадаркі. Гэта вельмі цяжкая руплівая праца вясной, летам, восенню, зімой. Толькі аграрыі бачаць вынікі сваёй працы штогод праз некалькі месяцаў. А вось лесаводы − праз дзесяцігоддзі. Колькі трэба мець цярплівасці, адказнасці, ведаў і любові, каб дачакацца чаканых вынікаў!

Не ўсё так проста, як падаецца часам староннім назіральнікам, якія, не паглыбляючыся ў праблемы, у сутнасць працы іншых людзей, штучна ствараюць праблемы, якіх не існуе. Няўжо аўтар артыкула думае, што толькі ён адзін клапоціцца пра дзяржаву, прыродныя рэсурсы, пра людзей. Нібыта не існуе ніякай выканаўчай улады, кантралюючых органаў. А навокал усе толькі глумяцца над прыродай, займаюцца вандалізмам і думаюць пра ўзбагачэнне.

Свабода слова нам дадзеная не для абразы людзей, якія шчыра выконваюць свой абавязак. Свабода слова прадугледжвае найперш патрабаванні да самога сябе: хто я, да чаго імкнуся, што ў мяне за душой, што я нясу людзям і раблю, каб палепшыць іх жыццё на справе, а не на словах, захаваць супакой людзей, а не бударажыць іх. Трэба быць уважлівым да іншых, стрыманым і разумець, што кожнае слова мае вагу. Для гэтага варта ўзбагачаць сваю душу. Шмат працы неабходна кожнаму, каб пабудаваць храм душы. Для гэтага неабходна набрацца цярплівасці, каб мірыцца са сваёй недасканаласцю.

Гісторыя ведае такіх дзеячоў, якія, прыкрываючыся жаданнем дапамагчы людзям, рабілі ўсё, ды і робяць, каб апаганіць уладу, дзяржаўныя органы і дамагчыся асабістай выгады.

Не варта, паважаны Алесь Раткевіч, ціснуць на пачуцці людзей, робячы з сябе патрыёта. З абуранасцю чытаюцца вашыя радкі: "… без малога сораму і сумлення цягаюць лес прама  праз мемарыял "Боркі”, на якім пахаваныя ахвяры мінулай вайны. Ездзяць яны прама праз падмуркі былых хат, спаленых фашыстамі. Як ім не даходзіць, што гэта яны не падмуркі рэжуць коламі, а душы нявінна загінулых людзей! І нават не задумваюцца, што здзяйсняюць не толькі кашчунства і вандалізм, а нешта большае, за што ім усё адно прыйдзецца разлічвацца”.

Вось так, папрактыкаваўся ў красамоўнасці, націснуў на пачуцці людзей. Між тым кожны мясцовы жыхар ведае, што гэта адзіная яшчэ даваенная дарога, што вядзе праз Боркі. Іншага пад’езду тут няма. Помнік жа спаленым жыхарам вёскі Боркі знаходзіцца ў 70-ці метрах ад гэтай дарогі. Штогод дарогу да мемарыялу падсыпаюць і рамантуюць. У 2011 годзе сіламі мясцовай выканаўчай улады быў зроблены новы гравійны пад’езд да мемарыялу, добраўпарадкаваная тэрыторыя каля помніка з удзелам розных арганізацый раёна, мясцовага насельніцтва, у тым ліку, работнікаў лясгаса.

Дарэчы, у краіне здзяйсняецца праграма па стварэнні лесанарыхтоўчай магутнай тэхнікі, якая прыйдзе на замену людзям, ручной працы.

Мяркуем, што нашае меркаванне наконт абражальнага артыкула Алеся Раткевіча пачуюць многія і даведаюцца, дзе праўда, а дзе хлусня.

Хочацца, каб усе мы зберагалі душы іншых людзей і не перашкаджалі працаваць.

Адміністрацыя Вілейскага доследнага лясгаса.
 


Сёння мы надрукавалі адказ кіраўніцтва лясгаса на публікацыю нашага чытача Алеся Раткевіча "Варварская высечка лесу" у № 32. Разумеючы, што ў лісце лясгаса выказваецца пазіцыя другога боку ў спрэчнай сітуацыі, па просьбе аўтараў допісу даём яго без змяненняў. Заўважым толькі, і пра гэта "РГ" пісала не аднойчы, што менавіта Алесь Раткевіч звяртаў увагу на адсутнасць дарогі да Боркаў, арганізоўваў суботнікі па добраўпарадкаванні мемарыялу ў вёсцы, якую спалілі разам з людзьмі.

"Рэгіянальная Газета"

http://www.rh.by/

Падобныя навіны:

Каментары









Пакінуў: Алесь Раткевіч 9 верасня 2013 17:44
Для поўнай яснасці тут не хапае другога бока медаля. Яго можна ўбачыць пры дапамозе вось гэтай вытрымкі з артыкула падрыхтаванага для адказу на гэты вось бруд; (( Зацікаўленыя могуць даведацца больш падрабязна пра працэс адраджэння мемарыяла “БОРКІ” вось тут: forum.globus.tut.by/viewtopic.php?t=3377 Тут усё раскладзена па паліцам,з якіх зразумела ўсё як белы дзень. А мне хочацца выкарыстаўшы магчымасць яшчэ раз падзякаваць усім удзельнікам аднаўлення мемарыяла Боркі,за іх безкарысную працу.Ад імя загінулых, дзякуй ВАМ вялікі і нізкі ВАМ паклон! А на паследак давайце ўрэшце рэшт сапаставім факты і вызначымся: 1) Леса выразаецца шмат? – Вельмі шмат! 2) Пры санітарных высечках ягаднікі знішчаюцца? – Знішчаюцца! 3) Дарогі лесавозамі разбіваюцца? – Разбіваюцца! 4) Разбітыя лесавозамі дарогі і вуліцы не рамантуюцца? – Не рамантуюцца! 5) Праведзена лесапасадка па Боркаўскіх надворках? – Праведзена! 6) Гэтыя парушэнні кантралюючыя арганізацыі заўважаюць? – Не заўважаюць! Дык хто тут каго пакрыўдзіў ды абразіў? І хто гаворыць праўду,а хто хлусіць? Я цудоўна разумею і ўяўляю, што думаюць чытачы чытаючы гэтыя артыкулы. Адны ў маёй асобе бачаць таго самага “ворага народа” і нейкага “монстра”, якім мяне выставіў лясгас, а іншыя “камікаддзэ”. А што ж рабіць, калі лясгасаўцы ўжо дасталі па самае нехачу?! ))

І вось тут:

forum.globus.tut.by/viewtopic.php?t=3377

Пакінуў: Алесь Раткевіч 7 кастрычніка 2013 13:06
У гэту суботу,12 кастрычніка,Хаценчыцкі выканкам арганізоўвае суботнік на мемарыялах "БОРКІ" і "ЛЮБЧА".Запрашаюцца ўсе жадаючыя.Выканкам будзе ўсім вельмі ўдзячны хто знойдзе час для ўдзелу у гэтай акцыі.На суботніку плануецца як звычайная прыборка так і засыпка і выраўнаванне каляін,разрэзаных лесавозамі,на прылягаючай тэрыторыі мемарыялаў.І яшчэ - правядзенне некаторых раней запланаваных работ (цікавых) па ўшанаванні памяці па загінулым.Мерапрыемства назначана на 10гадзін раніцы.Я буду абавязкова! А ВЫ?!

Пакінуў: ЯН 8 кастрычніка 2013 11:58
Годная справа! І праўда ёсць нармальныя сярод вялейскіх вертыкальшчыкаў.

Пакінуў: Алесь Раткевіч 20 кастрычніка 2013 21:13
У сувязі з тым,што да цяперашняга часу "Рэгіянальнай газетай" чамусці так і не быў надрукаваны мой адказ для лясгаса на гэты вось іхні бруд у мой адрас,я вырашыў яго даслаць хацябы ў выглядзе каментара. Хацелася б спадзявацца што мадэратар пагадзіцца з яго велічынёй і зместам.

Храм душы на хлусні не пабудуеш

Усім добры дзень,у тым ліку і сваім апанентам па паднятай леса-дарожнай тэме, нават нягледзячы на тое, што ў артыкуле, надрукаваным “Рэгіянальнай газетай” 6 верасня 2013 года, за №36, менавіта мяне яны залічылі “ворагам” не толькі да сябе, але нейкім чынам нават да ўлады і да народа. Ну што ж, калі лясгас атрымаў паўнамоцтвы адказваць за ўсіх, то я не супраць адказаць агулам ,як першым, як другім, так і трэцім. Але гэтага зрабіць не магу сабе дазволіць,таму што не ўпэўнены ў тым, што выканаўчая ўлада і народ далі згоду адміністрацыі лясгаса выступіць ў якасці адваката ад іх імя, ды і нічога крыўднага на ўладу,а тым больш на народ у мінулым маім артыкуле я не выказваў. Таму буду размаўляць менавіта з “пакрыўджанай” адміністрацыяй лясгаса .
Але з самага пачатку хачу нагадаць чытачам і ўсім зацікаўленым асобам,чым скончыўся канфлікт жыхароў Новай Гуты з лесанарыхтоўшчыкамі.
На канфлікт, які здарыўся 31 ліпеня ў невялічкай вёсачцы Новая Гута, у якой яе жыхары выступілі супраць лесанарыхтоўшчыкаў ў абарону вясковай вуліцы ад яе руйнавання лесавозамі, мясцовая выканаўчая ўлада зрэагавала аператыўна. Для вырашэння гэтага пытання спатрэбіўся толькі тыдзень часу. Матэрыял пра тое здарэнне яшчэ толькі рыхтаваўся да друку,а начальнік Ільянскага ўчастка ДРСУ-162 Генадзь Шупенька ўжо атрымаў загад улады на ўсталяванне ў Новай Гуце дарожных знакаў, якія забаранялі рух цяжкавагавай тэхнікі па вёсцы. 7 жніўня, у наступную сераду пасля канфлікту, на ўездах у Новую Гуту дарожнікамі былі усталяваныя адпаведныя дарожныя знакі.
Пасля ўсталявання гэтых знакаў ужо на раніцу наступнага дня вяскоўцаў ні свет ні зара разбудзіў знаёмы гул лесавозаў, якія як ні ў чым не бывала, рухаліся па іх вуліцы. Абвінавачванне кіроўцаў у іх нахабнасці ў вяскоўцаў хутка знікла, калі высветлілася, што ўсталяваныя забараняльныя рух грузавікам знакі праз ноч кудысьці наогул зніклі. Дарожнікам спатрэбілася нямала часу, каб знайсці зніклыя знакі. Невядомыя (як іх можна назваць не ведаю, злачынцамі альбо вандаламі, няхай гэта вызначае міліцыя, калі знойдзе іх), адцягнулі прымацаваныя да слупоў знакі далёка ў гавылу, аж за 200 метраў ад таго месца, дзе яны стаялі. У аўторак,14 жніўня, знойдзеныя знакі былі зноў ўсталяваныя дарожнікамі, а міліцыя папярэдзіла ўсіх падазроных, у тым ліку і вяскоўцаў, пра адказнасць і пакаранне, якое могуць панесці асобы за падобныя дзеянні.
Зараз лесавозы возяць дрэва вакол вёскі, і праезд там для іх ні чым не горшы, чым па вясковай вуліцы. Незразумела толькі, навошта патрэбна было даводзіць усё да крайнасцей, да канфлікту. У адрозненне ад шматлікіх іншых, Нова-Гуцення дабіліся сваіх правоў, рух лесавозам па іх вуліцы зачынены, і гэта вялікая іх перамога. Вось такая развязка атрымалася па Новай Гуце, пра што ў сваім меркаванні лясгас прамаўчаў, і не толькі пра гэта.
Затое лясгас у маёй асобе выявіў “ворага” народа, як быццам бы я абвінавачваю “каго толькі можна за бескантрольнасць” іх дзейнасці ў адносінах да прыроды. На іх думку, усё, што я выказаў –гэта хлусня, якая зводзіць людзей у зман, апаганьвае аўтарытэт улады і дзяржаўных органаў.
У сувязі з гэтым прашу шаноўную адміністрацыю лясгаса перад “прысудам” даць мне “апошняе” слова. Хачу сказаць усё, што думаю, наконт Вашых высноў. А пачаць хачу з прымаўкі: Самая лепшая абарона – гэта нападзенне!
Сэнс яе ў дадзеным выпадку, Вы, паважаныя, і выкарасталі. Але на мой погляд для Вас гэта не вельмі ўдалая пазіцыя, тактыка тут падышла б лепш больш кампрамісная. Пытанне ў пачатку майго артыкула было пастаўлена так: “Гаворку хачу пачаць пра, як на мой погляд, бязглуздае знішчэнне лесу, менавіта знішчэнне, а не запланаванае і размеркаванае яго высяканне.
Возьмем для прыкладу лясны квадрат, прыкладна 10 на 5 кіламетраў, які размяшчаецца паміж вёскамі Малявічы-Сакалоўка-Новая Гута-мемарыялам “Боркі”. Дык вось, калі высечы па перыметры гэтага квадрата нешырокую паласу лесу, пакінутую лесапрамыслоўцамі хутчэй за ўсё для маскіроўкі сваёй “дзейнасці”, то з Сакалоўкі Малявічы будуць бачныя як на далоні, а жыхары Новай Гуты ад сваіх хат змаглі б нават без узброенага вока назіраць, як праз пагост у Борках лесавозы вывозяць апошні лес. Бо ў сярэдзіне гэтага квадрата – дзялянка на дзялянцы ды дзялянкай паганяе... Дзе наша ахова прыродных рэсурсаў? Кантралююць, мабыць, толькі бабак з лісічкамі, чарніцамі, брусніцамі, назваўшы дзейнасць іх варварскай!”
У гэтым пытанні гаворка не ідзе пра парушэнні Вамі законнасці, а толькі пра колькасць выпілоўкі. У сваім пытанні я звяртаюся толькі да Вас і да аховы прыроды. Тут добра бачна, да каго я звяртаюся, толькі Вы ў сваім адказе навешалі мне ў віну ўсіх, каго толькі змаглі, прачытаўшы пытанне паміж радкоў так, як Вам было больш выгадней і спадручней.

ПРАЦЯГ У НАСТУПНЫМ КАМЕНТАРЫ.

Пакінуў: тутэйшы 20 кастрычніка 2013 21:21
Шмат іх, аднак шыфруюцца, чакаюць зьменаў. Усе людзі: баяцца, прыбядняюцца, спадзяюцца, "ня вылазяць"... Прыйдзе час - будзе і ў нас нармальнае грамадства: годная ўлада+годныя грамадзяне=годная краіна. Пакуль жа - лукашэнія.

Пакінуў: Алесь Раткевіч 20 кастрычніка 2013 21:27
Для мяне няма ані якай розніцы, як лес выпілоўваецца? Ці то мясцовае рашэнне, ці то план даведзены з вышэйшай дзяржаўнай установы. Законна ці не законна – гэта не мая справа, а адпаведных устаноў. Галоўнае тут, што лесу выпілоўваецца вельмі шмат! І гэта відавочна! І тое, што Вы не лічыце гэта злачынствам супраць прыроды, вельмі дрэнна. Што можна чакаць ад прыроды ў далейшым ад такой Вашай дзейнасці.
Як Вы самі ў сваім артыкуле ў мой адрас нагадалі, што “Гісторыя ведае такіх дзеячаў, якія, прыкрываючыся жаданнем дапамагчы людзям, рабілі ўсё, ды і робяць, каб апаганіць уладу, дзяржаўныя органы і дамагчыся асабістай выгады”. Я яшчэ раз хачу Вас папярэдзіць: не ўблытвайце ў гэту справу іншых, уладу і дзяржорганы, адказвайце за сябе. Калі яны палічаць патрэбным, яны і самі ўмяшаюцца сюды.
Я не разумею, якую выгаду я маю, што Вы тут маеце на ўвазе? Можа, мне за працу улада альбо якая-небудзь іншая арганізацыя пералічыла якія сродкі? Ці можа з Фаіны Сяргеяўны Анасовіч і яе сям’і, чые родныя ляжаць у брацкай магіле ў Борках, я вымагаў якія-небудзь ганарары?
Чаму з-за крытыкі Вы гатовыя мяне выставіць перад усімі як заходнім шпіёнам, бо ў Вашых абвінавачваннях ёсць моманты якія надаюць і палітычную размалёўку.
Ну яно то, канешне, тапельцы і за саломінку хапаюцца, а Вы мяне вырашылі загнаць у вір галавой, каб толькі выправіць сваё становішча. Ды і выправіць яго Вам не складае цяжкасцей. Проста не раздзімаць самім жа з іскрынкі полымя, а выканаць тое, што абавязаны выконваць, за што атрымоўваеце ад дзяржавы заробак.
Я хоць і не палітык і не належу ні да якіх там партый ці рухаў, а звычайны, як Вы правільна заўважылі, дзеяч, толькі грамадскі, але ўсё ж такі паспрабую распавесці сваё бачанне на гістарычна-палітычны лад.
Так, паважаная адміністрацыя Вілейскага лясгаса, гісторыя ведае розных дзеячаў. Адных, такіх як я, “дзеячаў” пры мінулай уладзе 58 артыкул заганяў на салаўкі, у Магадан, а іншых у мясціны, падобныя Курапатам. Але былі яшчэ і такія дзеячы, якія першых туды заганялі.
А пасля, знішчыўшы мільёны няўгодных, гэтыя дзеячы правялі ў нас паўсямесную меліярацыю.У выніку рэкі змялелі, ракі з рыбай кудысьці падзяваліся, ды і вада ў студнях пачала знікаць. А асушаныя балоты дзеячы тыя баршчэўнікам засеялі, ад якога і па сённяшні дзень збавіцца не можам.
Далей тыя дзеячы разгарнулі ўсесаюзную барацьбу з алкагалізмам, вінаграднікі так павысякалі, што вінаград вымушаны былі з-за мяжы вазіць.
Чарговы “эксперымент” дзеячаў – гэта выкананне дзвюх запланавых пяцігодак за адну. У 1986 годзе з гонарам датэрмінова, у падарунак да 25 з’езда КПСС, спяшаліся здаць ў эксплуатацыю чацвёрты блок Чарнобыльскай АЭС. ЗДАЛІ!!! Вынік больш чым трагічны і катастрафічны!
У той час таксама знаходзіліся “праўдашукальнікі”, якія выступалі супраць тых дзеячаў і іх дзянняў, “апаганьваючы” “перашкаджалі” ім “працаваць”, за што і траплялі ў спіс “ненадзейных” і “ворагаў народа”.
Я заўважаю, што яшчэ шмат у нас такіх дзеячаў, у якіх існуе настальгія па мінулай гісторыі. Колькі ўжо можна наступаць на тыя самыя граблі, якія с кожным разам усё мацней і мацней лупцуюць усіх нас па галаве?!
Вось Вы, паважаная адміністрацыя лясгаса, можаце гарантаваць тым самым Сакалоўцам і ўсім астатнім, каго быццам бы я звожу у зман, што ад такой павальнай высечкі лесу не будзе ніякіх трагічных наступстваў? Думаецца, што ў гэтым запэўніваць гэтых людзей не адважацца нават навукоўцы. Гэтыя людзі і самі ўсё цудоўна бачаць. Колькі выпілавана лесу, колькі знішчана ягаднікаў і грыбных мясцін, колькі паразразана і не адрамантавана дарог, колькі паперасыхала ручаёў і пазнікала крынічак. Усё гэта людзі бачаць!
Гадоў 15 таму з Сакалоўкі на Новую Гуту праз лес з-за існуючых яшчэ тады ручаёў на трактары цяжка было прабіцца,а цяпер, каб не каляіны ад лесавозаў, на легкавушцы праехаў бы.
Вы, паважаная адміністрацыя, запэўніваеце ўсіх, што на ўсе лесанарыхтоўчыя работы кантралюючай арганізацыяй складаюцца адпаведныя акты агляду. У гэтым з Вамі згодзен на 500%. А як жа інакш, канешне ж, бо гэтага патрабуе Закон! А вось што падпісваюцца яны з заплюшчанымі вачыма, то гэта адназначна.
Дроў валяецца і гніе па лесе шмат не толькі ў цяжкадаступных мяцінах, але па ўзлесках і каля самых дарог?! А паспрабуй падымі, атрымаеш па поўнай праграме. Хай лепш згніе, але не чапай! Ці панёс хоць хто-небудзь з лесанарыхтоўшчыкаў пакаранне за знішчэнне ягаднікаў, ці ў гэтым выпадку нясуць адказнасць і плацяць штраф толькі людзі, збіраючы ягады “камбайнамі”?
Чаму тыя акты не патрабуюць аднаўленчых работ зруйнаваных лесавозамі дарог любога значэння, і ў тым ліку вясковых вуліц? Наколькі мне вядома, у Вашай працоўнай дзейнасці закладзены расходны артыкул, сродкі з якога павінны накіроўвацца менавіта на аднаўленчыя работы. Дык чаму ж Вы не аднаўляеце тое, што руйнуеце?
І ўсё ж такі Вы малайцы, сціпласці Вам не пазычаць. Прытрымліваецеся таго, што, калі сам сябе не пахваліш, то хто ж цябе пахваліць! Вы амаль палову свайго артыкула адвялі для пахвалы сваёй дзейнасці, нават пакрыўдзіліся, што, магчыма, я знарок не нагадаў нічога пра буралом, які адбыўся ў 2010 годзе і з якім Вы па-геройску змагаліся.
Так, знарок не нагадаў, таму што не ўпэўнены быў, колькі там наламала, а колькі выразана. Хто цяпер дакажа,ці там 60 гектараў было пашкоджана, ці 40. Бо дрэвы таго “тарнада”, мне здаецца, больш ламаў, а не выварочваў. А недакладнасцей у сказаным не павінна быць, самі кажаце: “Кожнае слова мае вагу”.
Цікава, як успрынялі аграрыі вось гэтыя Вашы параўнанні: “Хочацца параўнаць працу лесавода і работнікаў сельскай гаспадаркі. Гэта вельмі цяжкая руплівая праца вясной, летам, восенню, зімой.Толькі аграрыі бачаць вынікі сваёй працы штогод праз некалькі месяцаў. А вось лесаводы – праз дзесяцігоддзі. Колькі трэба мець цярплівасці, адказнасці, ведаў і любові, каб дачакацца вынікаў!” – Вось сяджу над гэтым Вашым параўнаннем Вашай працы і сельскай гаспадаркі ўжо з паўгадзіны і ніяк не магу пра заяўленае хоць штосьці уцяміць.

ПРАЦЯГ У НАСТУПНЫМ КАМЕНТАРЫ

Гэта ж наколькі трэба быць самаўлюбёным, каб падняць самім сябе на такую вышыню славы?! Згодзен толькі з адным. Гэта з вельмі цяжкай працай простых рабочых і леснікоў. Умовы працы у іх, можна сказаць, не чалавечыя, а заробак, як толькі сям’ю пракарміць.
Вы атрымалі ад продкаў у спадчыну гэта прыроднае багацце, якое не патрабуе догляду, толькі убірай і прадавай, а ўсё адно жывяце ў галечы, бо не ў стане нават пасля сябе зруйнаванае адрамантаваць.
Хачу вярнуцца да той стыхіі, што паламала некалькі дзесяткаў гетараў лесу і якой Вы ўдзяляеце столькі ўвагі, і ўсёй сваёй дзейнасці наогул. Але ж падобныя стыхіі ў сельскай гаспадарцы таксама здараюцца. І амаль што кожны год.То высушвае, то вымочвае, а то пераўтварае ў палегліцу не дзесяткі, а сотні і нават тысячы гектараў пасеваў.
Але аграрыі не стогнуць, а працуюць, як звычайна, толькі у больш складаных умовах і не лепяць з сябе герояў. І ў адрозненне ад Вас яны, акрамя бачання штогадовых вынікаў сваёй працы, яшчэ нясуць за яе і адказнасць.
А Вашы працоўныя вынікі будуць пажынаць (калі будзе што) ужо толькі праўнукі – нашчадкі – і ў лепшым выпадку не раней як праз паўстагоддзя,а вось адказнасць за сённяшнія Вашы пралікі ўжо ніхто на сябе не возьме.
Ну і апошняе, самае балючае для мяне і іншых людзей, – гэта Боркі. Не думаю, што Вы не ведалі, што адбывалася апошнія два гады там, у Борках. На працягу цэлага месяца пасля крытыкі я ўсё ж спадзяваўся, што ў Вас загаворыць хоць нейкае сумленне. А прачытаўшы Ваш абарончы артыкул, высветлілася, што спадзяванні мае былі дарэмнымі. Вы так і не заняліся аднаўленнем зруйнаванай вашымі лесавозамі адзінай дарогі, якая пралягае праз спаленую фашыстамі былую вёску Боркі.
Вы ў сваім артыкуле перавярнулі ўсё з ног на галаву і ўсё спіхнулі з хворай галавы на здаровую. За што ж Вы, ”будаўнікі чужых душэўных храмаў”, са старонкі гэтага выдання выплеснулі столькі бруду мне ў твар! Толькі ведайце адно, што пырскі гэтага бруду разляцеліся і на іншых людзей, хто мяне ведае, давярае і шмат у чым падтрымлівае ў маёй бескарыснай грамадскай дзейнасці.
Вы не маеце не якага права абвінавачваць мяне ў краснамоў’і, пустаслоўі,недасканаласці, карыслівасці і г.д.
Я са шматлікімі людзьмі і арганізацыямі, сумесна з мясцовай уладай, Боркі адраджаем, а Вы толькі знішчаеце. З якой мэтай, яшчэ ў дзевяностых гадах па ўсёй вясковай тэрыторыі, па падмурках спаленых хат былой вёскі Боркі, Вы правялі лесапасадку?
Пасля не зусім удалай лесапасадкі вёска зарасла ў асноўным разналессем самасейкай, а ў след за ёй і прылягаючая да брацкай магілы тэрыторыя.
У той час, калі вакол шмат сельскагаспадарчых зямель зарастаюць не толькі хмызняком, а нават і дробналессем.Чаму Вы не іх скарысталі пад пасадку, а менавіта вясковыя Боркаўскія падворкі? Можа, хутка ўжо і ў Любчы плуг Ваш “пагаспадарыць”?!
Вы кажаце, што мясцовыя жыхары добра памятаюць гэту адзіную даваенную дарогу праз Боркі. Канешне, памятаюць, толькі ім не пры памяці, каб гэта дарога на працягу апошніх дзесяцігоддзяў хоць бы адзін разок рамантавалася ці падсыпалася. Так што храм душы, пра які Вы згадваеце, на хлусні не пабудуеш!
У 2011 годзе менавіта па маёй ініцыятыве быў арганізаваны разам з грамадствам і мясцовай улады нядзельнік у Борках па добраўпарадкаванню прылеглай да помніка тэрыторыі.
Яна была да такой ступені заросшы дробналессем, што помнік ужо не праглядаўся за 70 метраў з дарогі. У нядзельніку прынялі ўдзел старшыня Хаценчыцкага сельсавета Святлана Валовік, дэпутат райсавета Таццяна Косцік. Мясцовыя жыхары з Сакалоўкі; 86-гадовый Уладзімір Барысевіч пенсіянер, Анатоль Шахрай, інвалід 1 групы, Аляксандр Іванец, Валянцін Валовік, Уладзімір Мардас і шмат іншых.


Працяг у наступным каментары

Пакінуў: kurt 21 кастрычніка 2013 14:16
Спадары адміністратары, гэты допіс сп.Раткевіча можна было б асобным артыкулам са спасылкамі на папярэднія артыкулы?

Пакінуў: Алесь Раткевіч 21 кастрычніка 2013 15:06
З Лукаўца на сваім трактары працаваў Андрэй Валовік, а на пагрузчыку з мясцовага сельгаспрадпрыемства “Стайкі”на падмогу прыехаў Ляшок. Вельмі шчыра працавалі на нядзельніку Ільянскія школьнікі са сваімі настаўнікамі.
З піламі выразалі маладняк прадстаўнікі Ільянскага лясніцтва разам з ляснічым Анрэем Кавалёвым. Прыехалі нават жыхары Вілейкі, і сярод іх была сям’я Фаіны Сяргеяўны Анасовіч (Кучко), адзінай жыхаркі Борак, якая тады выжыла.
Галоўны рэдактар “Рэгіянальнай газеты” прыехаў з усёй сваёй камандай. Усяго на нядзельнік сабралася каля чатырох дзесяткаў чалавек. За адзін дзень тэрыторыя вакол помніка была вычышчана. Такім чынам пачалося аднаўленне мемарыяла Боркі.
Услед былі накіраваны грамадскія звароты ў выканкамы па будаўніцтве дарогі да Борак, па усталяванні ўказальніка на аўтадарозе Мінск-Мядзел, па прысваенні вуліцам у Лукаўцы назваў Любчанскай і Боркаўскай.
“Рэгіянальная газета” трымала ўсе ініцыятывы пад кантролем і пастаянна іх прапускала праз друк. Пры падтрымцы грамадства я звярнуўся ў будаўнічую арганізацыю “Забудова” па дапамогу па рэстаўрацыі самога помніка па загінулым боркаўцам, які ўжо зусім развальваўся.
Кіраўніцтва “Забудовы”аднеслася да звароту з паразуменнем і бязвыплатна выдзеліла для рамонту помніка ўсе неабходныя будматэрыялы.
Прадпрымальнікі Паплаўскія з Краснага таксама за свае сродкі вырабілі новую гранітную пліту з прозвішчамі загінулых Боркаўцаў.
Актыўны ўдзел у адраджэнні мемарыяла прымалі і мінчане. Першы намеснік старшыні Беларускага Сувораўска-Нахімаўскага Саюза, кандыдат юрыдычных навук Максім Уладзіміравіч Місько і дырэктар Мінскага завода металачарапіцы Павел Уладзіміравіч Місько. У падарунак мемарыялу асабіста усталявалі вялізную цудоўную шыльду пры ўездзе на мемарыял Боркі.
Усё складалася, як найлепей. Хоць і былі нейкія нестыкоўкі грамадства з уладай, але мова агульная была знойдзеная, і справа пайшла, як мае быць.
Улада занялася дарогай, указальнікам і назвай вуліцы, а грамадства – помнікам. Помнік наноў адбудоўвалі як мясцовыя жыхары, так і жыхары з мястэчка Чысць, якіх я запрасіў на дапамогу. Ніхто не адмовіўся папрацаваць у свой вольны час і ніхто з удзельнікаў гэтага мерапрыемства не заікнуўся пра грошы.
На выкананне гэтых работ спатрэбіліся ўсяго толькі два гады. А зроблена было шмат. Помнік наноў адбудаваны, прылеглая да яго тэрыторыя расчышчана, усталяваны шчыт “МЕМАРЫЯЛ БОРКІ”, адбудавана новая дарога да мемарыяла. У Лукаўцы адной з вуліц дадзена назва “ЛЮБЧАНСКА-БОРКАЎСКАЯ”, на аўтадарозе Мінск-Мядзель усталяваны указальнік ЛЮБЧА-БОРКІ. Усе шматлікія ўдзельнікі, у тым ліку і я, як непасрэдны ўдзельнік і каардынатар гэтай акцыі, працавалі тут бязвыплатна, і ў свой вольны час. Мы будавалі,а Вы зруйнавалі і па сённяшні дзень так і не адрамантавалі. Зацікаўленыя могуць даведацца больш падрабязна пра працэс адраджэння мемарыяла “БОРКІ” вось тут: forum.globus.tut.by/viewtopic.php?t=3377&postdays=0&postorder=asc&start=0
Тут усё раскладзена па паліцах, з якіх зразумела ўсё як белы дзень. А мне хочацца выкарыстаўшы магчымасць яшчэ раз падзякаваць усім удзельнікам аднаўлення мемарыяла Боркі за іх бескарысную працу. Ад імя загінулых, дзякуй ВАМ вялікі і нізкі ВАМ паклон!
А напаследак давайце ў рэшце рэшт сапаставім факты і вызначымся:
1) Леса выразаецца шмат? – Вельмі шмат!
2)Пры санітарных высечках ягаднікі знішчаюцца? – Знішчаюцца!
3) Дарогі лесавозамі разбіваюцца? – Разбіваюцца!
4) Разбітыя лесавозамі дарогі і вуліцы не рамантуюцца? – Не рамантуюцца!
5) Праведзена лесапасадка па Боркаўскіх надворках? – Праведзена!
6) Гэтыя парушэнні кантралюючыя арганізацыі заўважаюць? – Не заўважаюць!
Дык хто тут каго пакрыўдзіў ды абразіў? І хто кажа праўду,а хто хлусіць?
Алесь Раткевіч.


Імя:*
E-Mail:
Паўтлусты Нахільны тэкст Падкрэслены тэкст Закрэслены тэкст | Выраўноўванне па левым краі Па центры Выраўноўванне па правым краі | Устаўка ўсмешак Выбар колеру | Схаваны тэкст Устаўка цытаты Пераўтварыць абраны тэкст з трансліта ў кірыліцу Устаўка спойлера
Пытанне:
Назавіце прозвішча пісьменніка, што жыў і памёр у выгнанні, напісаў "Доўгая дарога дадому", "Знак бяды" і інш.
Адказ:*

СТУЖКА НАВІНАЎ

АПОШНІЯ КАМЕНТАРЫ

ГАЛЕРЭЯ


Фільм 'Вялейскія запаветы'