Аўтарызацыя | Рэгістрацыя

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

25 чэрвеня 2013, Катэгорыя - Фота, Вандроўкі

Ракаў і яго ваколіцы прадстаўляюць вялікую цікавасць для людзей, неабыякавых да беларускай гісторыі  

 

Многія з нас дзякуючы несмяротным творам Сяргея Пясецкага чулі пра маленькае беларускае мястэчка Ракаў, якое знаходзіцца ў 40 кіламетрах ад беларускай сталіцы.


У гэтага населенага пункта былі ўсе шанцы ператварыцца ў звычайную безаблічную беларускую вёсачку, але тое, што Ракаў знаходзіўся ля самай савецка-польскай мяжы і ў 1920-1930-я гады быў сапраўднай сталіцай "пшэмытнікаў”, зрабіла яму славу і ператварыла ў прывабнае месца для турыстычных паездак.

 

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 Ракаў і ваколіцы на даваеннай польскай вайсковай мапе
 

Аднак калі пра ракаўскіх кантрабандыстаў напісана досыць шмат, то на іншыя цікавыя старонкі гісторыі гэтых месцаў, на жаль, увагі звяртаецца мала. Таму ў гэтым матэрыяле я раскажу менавіта пра іх.

У "Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін”, выдадзеным у 1888 годзе, адзначалася, што Ракаў знаходзіўся на гандлёвым тракце з Мінска ў Першаі і далей на Ашмяны.

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 


Ужо тады, у канцы XIX ст., аўтары гэтага выдання пісалі пра маляўнічыя краявіды, якія атачаюць гэтую мясцовасць. У мяне асабіста склалася ўражанне, што я знаходжуся не пад Мінскам, а ў Швейцарыі, Аўстрыі ці дзесьці ў польскай горнай Сілезіі.

На шляху з Заслаўя да Ракава абавязкова варта заехаць у вёску Новае Поле. Тут знаходзіцца тыповы палац беларускай шляхты XIX ст. Польскі даследчык Раман Афтаназі так апісваў гісторыю гэтага паселішча: "Спачатку Новае Поле было ў валоданні Сангушкаў, але ў другой палове XVIII ст. яно перайшло да літоўскага падскарбія, князя Міхала Агінскага, які, у сваю чаргу, прадаў гэты маёнтак полацкаму стольніку Юзафу Селяве”. Пазней Новае Поле пераходзіць да князёў Друцкіх-Любецкіх.

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 Палац Друцкіх-Любецкіх у Новым Полі

Апошнім уладальнікам новапольскага маёнтка быў князь Іеронім Друцкі-Любецкі-малодшы (1861-1919). Гэты чалавек быў членам Рады Мінскага сельскагаспадарчага таварыства і дэпутатам расійскай Дзяржаўнай думы. Дарэчы, яго сын Канстанцін, які нарадзіўся ў 1893 годзе ў маёнтку Парахонск Пінскага павета, быў дыпламаваным палкоўнікам Войска Польскага, кавалерам Крыжа Віртуці Мілітары.

Падчас Першай сусветнай вайны Канстанцін Друцкі-Любецкі служыў у Рускай імператарскай арміі, быў паранены ў баях. Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы ў складзе Войска Польскага ўдзельнічаў у савецка-польскай вайне (у прыватнасці, камандаваў атрадам, які ў кастрычніку 1920 года занімаў дэмаркацыйную лінію пад Мінскам).


 Палкоўнік Войска Польскага Канстанцін Друцкі-Любецкі

 

У міжваеннае дваццацігоддзе Канстанцін служыў у кавалерыі на кіруючых пасадах, а ў жніўні 1939 года быў прызначаны камандзірам Віленскай брыгады кавалерыі Войска Польскага. На пачатку Другой сусветнай вайны гэтая вайсковая частка ў складзе Арміі "Прусы” ўдзельнічала ў баявых дзеяннях супраць нямецкіх войск пад Пётркавым Трыбунальскім і Мацеёвіцамі.

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 Верасень 1939-га. Савецкія танкі і машыны на вуліцах Ракава

Падчас спробы прарвацца ў Венгрыю палкоўнік Канстанцін Друцкі-Любецкі апынуўся ў савецкім палоне, быў змешчаны ў лагеры ў Старабельску і ў красавіку 1940 года расстраляны НКУС у Быкоўні пад Кіевам. У 1964 годзе яму пасмяротна было прысвоена званне брыгаднага генерала.

Цікава, ці думаў Канстанцін пра маёнтак у Новым Полі, калі занімаў у 1920 годзе дэмаркацыйную лінію ля Мінска? Мяркую, што так, тым больш што палац, які знаходзіўся там, быў варты таго, каб пра яго паклапаціцца.

Як адзначае Раман Афтаназі, хутчэй за ўсё першапачатковы будынак збудавалі князі Селявы (у 1820-х гадах), а пазней ужо новыя ўладальнікі дабудовывалі палац. У канцы XIX ст. гэта была шыкоўная шляхецкая рэзідэнцыя, пра веліч якой мы можам судзіць і сёння.

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 

Пасля Другой сусветнай вайны ў маёнтку размяшчаўся тэхнікум, а зараз гэта адзін з карпусоў аграрна-эканамічнага каледжа. Вакол палаца знаходзіцца княжацкі парк.

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 

Далей пераязджаем былую савецка-польскую мяжу і перад самым Ракавам бачым маленькую каплічку з крыніцай, пабудаваную ў 1993 годзе. Насамрэч каплічка тут існавала з XVI ст., аднак у савецкія часы яе разабралі. Ад той, першай, пабудовы да сённяшняга дня захаваўся толькі фундамент.

 

 Каплічка, пабудаваная ў 1993 годзе
 

 

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 Фундамент капліцы, пабудаванай у XVI ст.
 

Вось мы нарэшце і ў Ракаве. У гэтай публікацыі я не буду падрабязна расказваць пра ўсе турыстычныя аб’екты, якія ёсць у мястэчку, тым больш што пра гэта ўжо багата напісана.

Безумоўна, варта наведаць праваслаўную Спаса-Прэабражэнскую царкву, пабудаваную ў 1793 годзе, якая не была зачынена нават у часы ваяўнічага камунізму. Дарэчы, на звонніцы, якая стаіць побач з царквой, знаходзяцца аўтэнтычныя званы ХІХ ст. А сама вежа была ўзведзена ў гонар 25-годдзя адмены прыгону ў 1887 годзе.

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

  Спаса-Прэабражэнская царква XVIII ст.

 

   Вежа са званамі


Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 

Наступным вартым увагі аб’ектам з’яўляецца касцёл Маці Божай Ружанцовай пабудовы пачатку ХХ ст. Ля касцёла стаіць пастамент, на якім умацавана дрэва з крыжом. Мясцовыя апавядаюць, што ў міжваеннае дваццацігоддзе тут стаяў нейкі польскі помнік, але савецкія ўлады яго знішчылі.
    

 

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 Касцёл Маці Божай Ружанцовай
   

 Пастамент, на якім у міжваеннае дваццацігодзе стаяў польскі помнік

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 

 Недалёка ад касцёла знаходзіцца будынак з калонамі. Аказалася, што гэта лядоўня. Яшчэ адным цікавым месцам з’яўляецца старажытнае гарадзішча ў выглядзе некалькіх пагоркаў.

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 Лядоўня...

 

 

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 ...і старажытнае гарадзішча

Далей мы едзем на старую савецка-польскую мяжу, якая праходзіла ў тым ліку і ля вёскі Душкава. У самім населеным пункце знаходзіцца таксама шмат цікавых аб’ектаў.

 

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 

 

Напрыклад, старая каплічка пабудовы пачатку ХІХ ст., ля якой знаходзіцца некалькі крыптаў. У адной з іх пахаваны прах генерал-маёра рускай арміі Караля Мараўскага. Гэты чалавек нарадзіўся ў 1767 г. на Віленшчыне. У 1789 г. ён быў палкоўнікам Войск Вялікага княства Літоўскага, а ў 1792 годзе ўдзельнічаў у вайне супраць Расійскай імперыі. За мужнасць падчас бітвы супраць рускіх войск пад Брэст-Літоўскам быў адзначаны кавалерскім крыжам Ордэну Віртуці Мілітары.
  

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 Каплічка ў вёсцы Душкава

 

 

Падчас паўстання ў 1794 годзе Тадэвуш Касцюшка прызначыў Караля Мараўскага галоўнакамандуючым Войск ВКЛ. Аднак хутка генерал трапіў у рускі палон і быў сасланы ў Сібір.

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 Злева крыпта генерала Мараўскага
  

 

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 Таблічка на крыпце генерала Мараўскага
 

 

У 1796 годзе цар Павел І вызваліў ліцвіна і даў яму магчымасць служыць у рускай арміі ў званні генерала. У 1812 годзе Караль Мараўскі перайшоў на службу ў Войска Варшаўскага княства, а пазней аказаўся на службе ў Напалеона. Пасля паразы напалеонаўскай арміі былы генерал Войск ВКЛ адышоў ад вайскова-палітычных спраў, вярнуўся ў Душкава і да самай смерці займаўся гаспадаркай ва ўласным маёнтку.

Вяртаемся ў 1930-я гады. Зусім блізка ад гэтай вёскі знаходзілася польская памежная стражніца. Зараз ад яе ўжо нічога не засталося.

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 Лінія лесу і ёсць старая савецка-польская мяжа

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 На гэтым месцы ў 1930-х гадах была стражніца КАП
 

 

Цікавы факт: мясцовыя жыхары расказваюць, што ў задачу польскіх памежнікаў уваходзіў кантроль за тым, каб сцены вясковых будынкаў былі памаляваны ці пабелены, а брук вычышчаны ад гною і бруду. Так, дарога ў гэтай вёсцы была выкладзена брукам. Жаўнеры КАПа спецыяльна некалькі разоў на тыдзень праводзілі агляд населенага пункта і штрафавалі тых, хто не выконваў гэтыя патрабаванні.

Знаходзіўся ў Душкава і яшчэ адзін вельмі цікавы памежны аб’ект. Вядома, што ў 1937 годзе ў БССР актыўна абмяркоўвалася ідэя аб пераносе сталіцы рэспублікі з Мінска ў Магілёў. Адной з прычын выказвалася тое, што з польскага боку беларуская сталіца бачна як на далоні і пры неабходнасці артылерыя Войска Польскага магла весці агонь па Мінску са сваёй тэрыторыі.

Аказалася, што на адным з пагоркаў ля Душкава ў 1930-я гады камандаванне КАП усталявала высокую драўляную памежную вышку ("маяк”, як яе называлі мясцовыя жыхары), з якой у бінокль былі бачны… Оперны тэатр і, што самае галоўнае, Дом ураду БССР.
  

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 

 

 

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 

 

 З такога назіральнага пункта можна было не толькі сачыць за памежнай дыстанцыяй, але пры неабходнасці паспяхова карэктаваць агонь дальнабойнай артылерыі. Пасля вайны гэтая вышка яшчэ доўга стаяла і на яе лазілі вясковыя хлопцы.
  

 

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

 Гэты домік "памятае" польскіх памежнікаў

Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў

  А гэта ўжо новыя дамы

 

Сёння, калі на святы ў Мінску даюць салют, мясцовым жыхарам няма неабходнасці ехаць у сталіцу. Хопіць узабрацца на гэтыя "памежныя” пагоркі і ўсё убачыць без перашкод.

  Вось такія цікавыя месцы знаходзяцца ўсяго ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Мінска. Іх варта наведваць і вывучаць, бо наша беларуская гісторыя ўтрымлівае ў сабе шмат нязведанага.

 

 http://www.istpravda.ru/bel/ 


 

 


 


 

 


 


 


 

Падобныя навіны:

Каментары










Імя:*
E-Mail:
Паўтлусты Нахільны тэкст Падкрэслены тэкст Закрэслены тэкст | Выраўноўванне па левым краі Па центры Выраўноўванне па правым краі | Устаўка ўсмешак Выбар колеру | Схаваны тэкст Устаўка цытаты Пераўтварыць абраны тэкст з трансліта ў кірыліцу Устаўка спойлера
Пытанне:
Назавіце прозвішча пісьменніка, што жыў і памёр у выгнанні, напісаў "Доўгая дарога дадому", "Знак бяды" і інш.
Адказ:*

СТУЖКА НАВІНАЎ

АПОШНІЯ КАМЕНТАРЫ

ГАЛЕРЭЯ


Ручыца. Новыя падарожжы дылетанта (відэа)