Аўтарызацыя | Рэгістрацыя

Вяз, з вышыні якога бачныя адразу тры гарады - Маладзечна, Вілейку і Смаргонь

12 лютага 2013, Катэгорыя - Фота, Аб'екты

 

 

У талуях Маладзечанскага раёна расце найстарэйшы вяз СНД. Фота Міхаіла Міхалевіча.

 

  

У Верхніх Талуях ля Маркава сціпла расце адно з самых старых дрэў Павілля -- вяз.

Гэта некаранаваны чэмпіён сярод вязаў-патрыярхаў на прасторы СНД. Сярод вязаў, зарэгістраваных у нашых суседзяў – у Расіі, Украіне, Латвіі, Літве, – такога вялізнага няма. У Беларусі наогул з зарэгістраваных і запаведных векавых дрэў, якія ахоўваюцца законам як помнікі прыроды, няма ніводнага вяза.

Самыя вялікія вязы Еўропы

Памеры вяза з Верхніх Талуёў уражваюць. Абхват ствала амаль сем метраў (на вышыні 1,3 метра – 697 см). Дыяметр – 222 см. Дзевяць галін адыходзяць ад ствала на ўзроўні ад 2 да 2,5 метра.

Вышыня дрэва большая за 25 метраў. Узрост яго – за 400 год, а можа нават 600. Пры добрых умовах вязы жывуць у сярэднім да 400 гадоў і маюць абхват да шасці метраў.

У ствале маецца вялікае дупло, якое стала зацягвацца. Гадоў 40 таму ў дупло лёгка мог залезці чалавек.

Навуковая назва вяза Ulmus (на лаціне) ці Elm (па-англійску). Самы вялікі вяз ў абхваце 4,7 метра і вышынёй 30 метраў расце ў Расіі, у Ленінградскай вобласці. Самы вялікі вяз на Украіне мае абхват 5,2 метра, расце ў Сумскай вобласці.

Самы стары вяз Францыі Elm Biscarrosse быў пасаджаны ў 1350 годзе, ссох у 2010 годзе, а самы стары вяз Грэцыі Metaxades Elm быў пасаджаны ў 1286 годзе і рос да нядаўняга часу.

Наш вяз, верагодна, старэйшы за адзін з самых вялікіх і старых англійскіх вязаў Great Saling Elm, які меў абхват 6,6 метра. Для брытанцаў вяз з’яўляецца святым дрэвам, татэмам, як для беларусаў груша ды дуб, якія нельга сячы і паліць.

Самы стары вяз Італіі L’Olmo Bello меў абхват 6,3 метра і ўзрост за 400 гадоў. Ён таксама саступае нашаму вязу ля Маркава.
Толькі ў Польшчы, у Камарове, расце вяз яшчэ большых памераў у абхваце.

Ашаламляльныя краявіды

Стаіць патрыярх у пагорыстай мясцовасці, якая надае пейзажу пэўную маляўнічасць, робячы яе так званай беларускай Швейцарыяй. Асабліва прыгожая гэтая мясцовасць была крыху раней, але і цяпер кожны можа хоць на хвілінку ўявіць сабе гэтыя горы, пакрытыя векавым гаем, дзе расла да неба знакамітая Маркаўская пушча.

Да ствала вяза ў Верхніх Талуях дзеці прыбілі адзін над адным некалькі аполкаў, якія выкарыстоўваюць як драбіну, каб залезці ў "штаб” і далей, на самы верх дрэва. Зверху, у першыя асеннія маразы, калі паветра асабліва чыстае і празрыстае, адкрываюцца далягляды. Адразу, нават без бінокля, бачныя тры гарады – Маладзечна, Вілейка, Смаргонь, а таксама некалькі мястэчак – Маркава, Лебедзева, Беніца, Залессе, Заскавічы, Турэц-Баяры, Пруды.

Па начах свецяцца шылавіцкія вышкі. Побач выкапаная глыбокая сажалка, тутэйшы жыхар Іван Дурэйка ўспамінае, што пасля вайны ў сажалцы лавілі карасёў бучамі і кашамі, сплеценымі з тонкіх галін гэтага ж вяза, бо яны не гніюць у вадзе.

Дзе вырас вяз

З’явілася гэта дрэўца ў ВКЛ, у Віленскім ваяводстве, ля Маркава, у вёсцы Талуі.

Талуі ўпершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў 1616 годзе, калі вяз быў ужо досыць сталы. Вёска Талуі маленькая, але займае вялікую плошчу зямлі. Яна тыповая для Павілля дакалгаснага часу найперш тым, што і цяпер дзеліцца на шмат частак, калі хаты аддаленыя адна ад другой больш чым на паўкіламетра, а то і кіламетр. Тут паспяхова у свой час ішла Сталыпінская рэформа.

Ёсць Талуі Верхнія, дзе цяпер на двух пляцах уздоўж дарогі да лесу знаходзіцца 9 хат (некалі налічвалася 15); Талуі сярэднія – гэта хутары, размешчаныя на схіле пагорка, з якіх засталіся тры; і самая вялікая частка – Талуі Ніжнія, дзе ля падножжа гары, ля рачулкі Гадзея, цяпер налічваецца больш за два дзясяткі хат. Афіцыйна, у сельвыканкаме, у Талуях налічваецца 16 гаспадарак і 22 жыхары, астатнія дачнікі.

З Талуёў, вывучыўшыся, выйшла ў свет многа паважаных працавітых людзей, двое маюць вучоныя званні прафесараў. Адзін з іх, Веніямін Космач, ведае пра Талуі амаль усё, напісаў гістарычную кнігу пра сваю вёску, шукае сродкі на выданне. У Верхніх Талуях з прадвеку жылі людзі з прозвішчамі Асіповічы, Дурэйкі, Боханы, усе праваслаўныя, акрамя прымакоў. Хаваліся на Маркаўскіх могілках.

Дзе цячэ мёртвая і жывая вада

Талуі Верхія знакамітыя сваім старым вязам, пасекай, сажалкамі і яблыневым садам, а Талуі Ніжнія – крынічкамі з мёртвай і жывой вадой.





 

Андрэй Паукшта, начальнік ВіК УП "Маладзечнавадаканал", ля крыніц.

Злева крынічка з мёртвай вадой, справа - з жывой. 

 

 

Мясцовы жыхар Іван Дурэйка сцвярджае, што першыя пчолы завяліся ў верхнім дупле, ад іх ужо раі перасадзіў ў пасеку з калод яшчэ пры Польшы Фама Дурэйка. Пчолы вядуцца дагэтуль, вяз з’яўляецца меданосам, квітнее ў вясну адзін з першых. Вядома ж, мёд з талуйскай пасекі вельмі смачны і гаючы.  

Калі ўявіць, што нашаму верхнеталуйскаму вязу ля Маркава 600 гадоў, то гэта значыць, што паўтара стагоддзя ён рос у Вялікім Княстве Літоўскім, больш за два стагоддзі, з 1569 па 1795 год, – у складзе Рэчы Паспалітай. Трохі пабыў пад шведамі. У студзені 1793 Маркава увайшло ў склад Расійскай імперыі, а Талуі засталіся у Ашмянскім павеце Вялікага Княства Літоўскага.

Мяжа пралягла зусім побач, але магутны вяз лёгка і шчодра перакідваў свае "крылатыя арэшкі” ва ўсе напрамкі. Для яго мяжа нічога не вырашала, а толькі вольны вецер і птушкі, якія рассейвалі насенне, каб узышлі ў акрузе маладзенькія дрэўцы. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай вяз апынуўся ў Расіі, каля двух стагоддзяў пражыўшы ў складзе імперыі. Трохі за гэты час пабыў пад французам.

Потым, у 20 стагоддзі, пачаліся самыя крутыя павароты гісторыі – Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, акупацыя Кайзераўскай Германіяй, узнікненне БНР, ЛітБел, пасля польская акупацыя, вяртанне у Савецкую Беларусь, другая Рэч Паспалітая, зноў першыя ("тыя”) Саветы Беларусі ў складе СССР, фашысцкая акупацыя, вызваленне.

Зноў у СССР да перабудовы і няўдалага путча, і нарэшце суверэнная Беларусь. Атрымалася вельмі стракатая палітра і цікавая гістарычная гірлянда сцягоў і гербаў уладальнікаў тутэйшай зямлі, дзе рос і расце наш верхнеталуйскі вяз ля Маркава.

Як праязджалі Вялікія князі

Яго малады ствол мог быць лёгка выкарыстаны для дрэўка дзіды ці лука мясцовых рыцараў. Захаваўся ж ён у першую грамадзянскую вайну 1432-1436 гадоў, калі Свідрыгайла Альгердавіч і Жыгімонт Кейстутавіч вялі барацьбу за вялікакняскі трон. Тут, зусім недалёка, паўдня пехатой, у 1433 годзе біліся на Чырвонай валоцы, паміж Капачамі і Груздавам.

З 1476 года Маркава мела статус вялікакняскага каралеўскага двара, цэнтра павета і воласці. У 1493-м уладаром (намеснікам) Маркаўскай воласці быў маршалак Ян Пятровіч, а пасля яго сын – Пётра Яновіч, неаднаразовы удзельнік паходаў Вялікага князя Аляксандра Ягелона ў Маскву. Дык вось, у час яго праўлення ў 1495 годзе, праездам з Масквы ў Вільню, Маркава наведала Вялікая княжна Алена – дачка Іаана Трэцяга Маскоўскага, нявеста Аляксандра Ягелона.

Менавіта ў Маркаве яе сустракалі з багатымі падарункамі сваты – паслы Вялікага князя Літоўскага, у тым ліку славуты гетман князь Канстанцін Астрожскі ды князі Іван і Васіль Глінскія, а з імі чалавек 60.

Збоку, меней за гадзіну хады, ад тых знакамітых сватоў яшчэ дзяцюком стаяў наш вяз – ён таксама з’яўляецца маўклівым, але дагэтуль жывым сведкам таго дынастычнага саюза паміж Усходам і Захадам, у знак замацавання заключанага міру ў вайне 1492-1494 гадоў.

У гонар сустрэчы быў пасаджаны малады дубок у Маркаве, які, як і вяз, захаваўся дагэтуль. Двадзесяцігодзі назад, акраз на Купалле у дуб ударый пярун, бура адламала вялізную галіну, якая чуць не забіла прахадзячую міма жанчыну. Вялізны сук зваліўся на гарод спадарыні Людмілы Асіповіч. Дык Людміла мусіла адрэзаць амаль усе небяспечныя сукі, але зразаць дуб зусім забараніў мясцовы дырэктар Маркаўскай школы, такім чынам захаваўшы гістарычны дуб Вялікай княжны Алены ў сваім агародзе. У абхваце дуб Вялікай княжны Алены на узроўні ад зямлі 1.3 м 434 см.


 

Памятае, як стварылі Рэч Паспалітую


Уцалеў ён у жудасную вайну 1512-1522 гадоў, калі ў бітве тутэйшых рыцараў ВКЛ з наўгародска-пскоўскімі ратнікамі на чале з князем М. Кісліцай Маркава спалілі датла. Не загінуў і ў час цяжкай Лівонскай вайны 1558-1583 гадоў.

Бачыў талуйскі вяз, як па рашэнні Гарадзейскага сойма 1567 года за Маркавам, недалёка ад Лебедзева, у Лешне, сабраліся з усіх валасцей 47 тысяч ратнікаў, каб ісці паходам на Маскву падчас Лівонскай вайны.

Вяз з’яўляецца жывым сведкам перагавораў паміж прадстаўнікамі Польшчы і ВКЛ наконт заключэння дзяржаўнай уніі, бо перагаворы вяліся ў Маладзечне. Ліцвінам патрабаваўся саюзнік, каб адбіцца ад маскоўскага цара Івана Чацвертага Жахлівага.

Падпісанне уніі адбылося на Люблінскім сейме ў 1569 годзе, пасля чаго Вялікае Княства Літоўскае аб’ядналася з Каронай Польскай у адну федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую.

Ад царквы да пісьменнасці

Вяз быў сведкам, як пабудавалі ў 1610 годзе першую царкву ў Маркаве. У апісанні царквы 1616 года значыцца драўляная міска, пазалочаная пакостам. Выраблены быў гэты посуд хутчэй за ўсё з... гэткага вяза. Найлепшы па якасці (амаль не патрэскалася, не ламалася) і прыгажосці тэкстуры, ды і найдаражэйшы (бо вельмі цяжка токару апрацоўваць драўніну, палена з вяза нават цяжка рассекчы) драўляны посуд выраблялі менавіта з вяза.

Лыжка з вяза каштавала ў два разы даражэй, чым з бярозы.

З праваслаўнай тая царква стала ўніяцкай, і, як вядома з пісьмовых крыніц, у 1784 годзе дзейнічалі ў царкве ў Маркаве брацтвы святога Разарыя. Была пры ўніяцкай царкве школа граматы – адна з самых першых у Беларусі, што знаходзіліся ў вёсках-мястэчках. Многія маркаўцы сталі пісьменнымі, пісалі шмат прашэнняў, заяў у суды, якія захаваліся ў архівах Вільні.

Захаваліся нават дзве скаргі імператарам і нават ліст Леніну…

Вяз таксама не стаяў у баку ад педагагічнага працэсу навучання. Настаўнікі тых часоў ведалі, што найлепшыя розгі былі менавіта з маладога галля вяза.

Бачыў шведскага караля і Напалеона

Выстаяў вяз і ў Паўночную вайну. У 1708 годзе 35-тысячнае шведскае войска на чале з каралём Карлам 12 рушыла на Маскву, але мусіла зімой кватараваць ля Ашмянаў, Смаргоні, Маркава, Лебедзева. Вязу толькі мелькам давялося бачыць караля Швецыі, калі той праязджаў па Віленскім тракце і спыніўся на адпачынак у Насілаве, а потым тры месяцы правёў у Радашкавічах.

Уцалеў вяз і ў вайну з Напалеонам. Спачатку пры наступленні ў напрамку Маладзечна праязджаў маршал Луі-Нікаля Даву. А восенню 22 лістапада 1812 года вяз бачыў самога імператара Напалеона, які імкліва ўцякаў на карэце ў Беніцу пад агнём артылерыі генерала Ярмолава з палаючага Маладзечна, дзе разграмілі апошні корпус маршала Віктора. А да той Беніцы, дзе начаваў Напалеон, усяго чвэрць гадзіны на конях.

Галодныя французы не спалілі дрэва, каб пагрэцца ля вогнішча пры адступленні, хаця цеплатворнасць вяза адна з самых вялікіх, на ўзроўні вугалю. Магілы з астанкамі французаў знаходзілі ля Маркава, калі капалі шурфы для апор электрасетак у 60-х гадах 20 стагоддзя.

Бачыў вяз і фельдмаршала Міхаіла Кутузава. У яго была стаўка ў Маладзечне, бачыў і Дзяніса Давыдава, які вызваліў Маладзечна.

Уцалеў вяз і ў Вялікую Еўрапейскую (Мікалаеўскую) вайну. Лінія фронту праходзіла побач, больш за два гады фронт стаяў у раёне Беніцы, Белай, Смаргоні, дзе ішлі баі (пазіцыйная вайна).

На схіле суседняга пагорка быў абсталяваны шпіталь для параненых расійскіх салдат, а ў сямі кіламетрах, ніжэй, у Прудах, дзейнічаў буйны эвакуацыйны шпіталь. Не адно жыццё воінам уратавалі лекі, вырабленыя з кары, лісця, насення вяза, як і тутэйшым жыхарам. Першыя пісьмовыя звесткі пра лякарню ў Маркаве адносяцца да 1880 года. А рэцэпты лекаў з вязу былі вядомыя нават у сярэднявеччы, імі карыстаюцца і цяпер, асабліва ў заходняй Еўропе.

Потым рэвалюцыя, вайна з Польшчай, паводле Рыжскага дагавора вяз апынуўся у другой рэчы Паспалітай. Сялянам пры Польшчы не давалі садзіць табаку, дык курцы мусілі збіраць сухое лісце з вязу і выкарыстоўваць у самакрутках замест махоркі.
Як казаў адзін курэц, гэта найлепшы з сурагатаў, які замяняе табак. Дым ні з моху, які курылі партызыны, ні з іншага сухога лісця не параўнаць па смаку з дымам вяза.

Галандцы ў час вайны

Цудам захаваўся вяз і ў Вялікую Айчыннаю вайну. Самым небяспечным тады было тое, што ў гарнізоне Маркава, на конавіцкім пераездзе ў гарнізоне ў Заскавічах служылі галандцы. Менавіта галандцы збіралі па вёсках прадуктовы падатак. Для жыхароў яны былі, безумоўна, ворагі. Але не гэткія бязлітасныя, як немцы ці карныя батальёны з Літвы ці Латвіі.

І мясцовыя, і вяз дагэтуль памятаюць выпадак, як на конавіцкім пераездзе ў гадзіне хады ад вяза ўдаве, якая ехала на разбітых колах у Вільню, галандскія салдаты, распытаўшыся, чаму яна мае такую "дабітую” падводу, без грошай адрамантавалі і воз, і колы, і замянілі зношаную вупраж.

А суседа, які пазайдросціў "шчасцю” ўдавы і назаўтра ўпрог разбіты воз і благую вупраж з надзеяй пажабраваць і таксама што-небудзь адхапіць ад галандца, адпярылі бізунамі.

Былі галандцы і ў ніжніх Талуях, а верхняя вёска была ля лесу, у сямі кіламетрах напрасткі, ад якой на гары Саколі Вугал у партызан дзейнічаў назіральны пункт.

Можа, таму, што бывалі галандцы ў Талуях толькі зрэдку, бо баяліся лесу, яны і не прынеслі з сабой на амуніцыі смяротнай "галандскай хваробы вязаў”. Ад гэтага грыбковага захворвання ў Галандыі загінула ў 1919-1940 гадах 70% вязаў, а эпідэмія распаўсюдзілася па Еўропе і была праз марскія парты завезеная ў Амерыку. Цяпер гэтая смяротная для вязаў хвароба лютуе ў цэнтры Расіі.

Вітаўтаў мост

У даліне, якая добра відаць з пагорку, дзе расце вяз, цякла тады рака Гадзея, прыток Ушы. Уша была глыбокая, зручная для перавозу солі і заморскага тавару гандлярамі і для сплаву плытоў, футра, хмелю аж да самага мора, да Крулеўца.

Якраз насупраць верхнеталуйскага вяза ля Маркава, недзе у дзвюх гадзінах хады пешшу па лініі Пруды і Турэц-Баяры, доўгі час дзейнічала паромная пераправа праз Ушу. А потым тут пабудавалі адзін з першых каменных (мураваных) мастоў – мост Вітаўта.

Нашаму вязу і яго братам у Маркаўскай пушчы вельмі пашанцавала, бо, напрыклад, першы Лонданскі мост быў драўляны, пабудаваны менавіта з вязаў, бо ў вадзе вяз не гніе.

Дарэчы, Венецыя стаіць не толькі на лістоўніцы, але і на вязе. Тутэйшыя людзі таксама ведалі гэту ўласцівасць дрэва і найперш ужывалі яго для зрубаў калодзежаў, менавіта водазбіральнай часткі "зумпфа”, што знаходзіцца пад вадой. Пашанцавала нашаму вязу і таму, што зусім недалёка, у паўдня хады, у шылавіцкай пушчы за Вяллёй пабудавалі знакаміты Вітаўтаў калодзеж.

Побач з Талуямі быў пабудаваны адзін з самых значных Вітаўтавых трактаў ВКЛ як з Вільні на Менск, так і з Крэва на Полацк. (Полацкі тракт) Яны перакрыжоўваліся у Маркаве: адзін бальшак ішоў з Вільні праз Гальшаны, Баруны, Крэва, Лоск, Беніцу, Паніззе, Маркаў, Пруды, Турэц –Баяры на Аляксеяў перавоз праз Вяллю, на Вялейку, Мядзел, Паставы, Глыбокае, Полацак. А другі – з Менска праз Заслаўе, Радашкавічы, Краснае, Маладзечна, Лебедзева, Маркаў, Заскавічы, Смаргонь, Ашмяны ў Вільню.

Як ездзілі на кірмаш у Вільню

Вільня была не так ужо і блізка – 78 вёрст, ці 100 кіламетраў. Амаль гэтулькі і да Мінску. Але ж да 1939 г. кожны з тутэйшых бываў часцей бываў у Вільні ці па справах у земельным банку, ці на кірмашы, каб прадаць даражэй тыя ж клінковыя сыры або гуся. Бо Талуі і Маркава уваходзілі у склад Віленскай губерні. Білеты на цягнік каштавалі для простых сялян дарагавата, і, каб зэканоміць, ішлі дзе пешшу, а найбольш пад’язджалі на спадарожных падводах добрых людзей.

Фурманы тады былі добрымі да падарожных, ніякай платы акрамя баек не бралі. На дарогу шкада было траціць светлавы дзень. Звычайна мясцовыя людзі з Талуёў і Маркава выпраўляліся ў Вільню з вечара, нават у 22 гадзіны, праз Беніцу, Крэва. Начавалі некалькі гадзін у кагосьці са знаёмых у Барунах ці Гальшанах, а раніцай у 4 гадзіны зноў у дарогу, а ў 10 ужо ў Вільні прадавалі тыя сыры і збіраліся назад.

Зарабіўшы грошы, маглі з шыкам праехаць і па чыгунцы, але часцей выходзілі на шлях і падсядалі да некага на падводу. Парафіяне Маркаўскай царквы штогод рабілі пілігрымкі ў Вільню, каб пакланіцца праваслаўным віленскім святыням, найперш тром Віленскім пакутникам. Пілігрымкі у Вільню да Базылянскіх муроў, дзе стаіць славутая Святатраецкая царква рабіліся да 27 красавіка –дня памяці Віленскіх пакутнікаў Антона, Івана, Яўстаха, прыняўшых пакутніцкаю смерць за Праваслаўную веру Хрыстову у 1374 годзе у ВКЛ. Зараз іх мошчы захоўваюцца у Свята-Духавым манастары Вільні. Ва ўсходніх рэдакцыях іх жыцця названы ліцьвінскія имёны пакутниікаў: Круглец, Кумец і Няжыла.

Нават фурманшчыкі, паштавікі, гандляры, падарожныя стваралі пэўную небяспеку для вяза, бо менавіта самыя трывалыя аглоблі, дугі, драўляныя колы і палазы для саней былі з вязаў. Ратавала, што вяз стаяў трохі ў баку, у вярсце ад трактаў і заезнага двара ў Маркаве.

Дарэчы, самымі трывалымі дугамі нават з вяза лічыліся натуральна выгнутыя – для гэтага выбіралі маладую, яшчэ гнуткую галінку і спецыяльна акручвалі вакол тоўстага ствала ці выгіналі паступова паміж іншых тоўстых галін, пакуль яна не стане неабходнай таўшчыні. Каб такім чынам вырасціць дугу для вупражы, трэба было чакаць сем, а то і восем гадоў.

Аб гэтым прыёме мне расказаў былы стараста Маркаўскага сельсавета Мікалай Ляшчынскі. Ён жа лічыць найлепшымі лыжы з вязу, якія яму зрабіў 50 год таму бацька, бо яны самыя трывалыя. У гэтым яго падтрымліваюць і мясцовыя паляўнічыя.

Праз Віленскі шлях праязджала шмат не толькі вайскоўцаў, але і такіх вядомых асоб, як Сымон Будны, Тарас Шаўчэнка, Міхал Агінскі, Мікалай Гогаль, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Тамаш Зан, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот, Максім Багдановіч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі, Ян Судрабкайла, Пётр Цвірка, Станіслаў Манюшка, скрыпач Антон Концкі, гісторык Міхаіл Балінскі, італьянскі архітэктар Карла Спампані, філосаф Павел Монтвіл і іншыя.

Уявіце толькі сабе, што іх ўсіх бачыў верхнеталуйскі вяз.

Валадары вяза

Хто ж валодаў зямлёй і чыёй уласнасцю быў вяз верхнеталуйскі ля Маркава?

Талуі з самага пачатку свайго існавання ўваходзілі ў склад Маркаўскага староства. Землямі найчасцей валодалі ўпраўляючыя. Першым уладаром Маркава яшчэ ў 15 стагоддзі былі магнаты Монтыгірдовічы, потым каралеўскі сакратар і пісар ВКЛ Мікалай Паўлавіч Нарушэвіч. Кіравалі потым маркаўскімі землямі Іван Яцкавіч Уладыка, Ждан Вайтовіч, Васіль Храбтовіч. У 1501 годзе намеснікам і ўладаром маркаўскіх зямель і вяза стаў Ян Радзівіл, сын Мікалая Радзівіла Старога.

У 1518 годзе Маркаўскі двор купляе ваявода Наваградскі Ян Яновіч.

Самым страшным быў для Маркава сёмы год Лівонскай вайны, калі Маркава было практычна разбуранае і спаленае ворагамі, але вяз ацалеў.

У 1557 Маркава лічылася ў разрадзе каралеўскіх воласцей, і Маркаўскі двор плаціў падаткі вялікаму князю сумесна з Мядзельскім дваром. Кіраваў абодвума дварамі Леў Іванавіч Роскій.

У архівах захавалася рашэнне караля ад 21 верасня 1561 года, дзе пералічваюцца памеры падатку, сярод якіх – падатак у выглядзе гусей і курэй для каралеўскай кухні.

У 1575 годзе права на кіраванне маркаўскімі і мядзельскімі землямі атрымаў канцлер і гетман Вялікага Княства Літоўскага, Віленскі ваявода Леў Сапега (1557-1633). Пасля намеснікамі Маркаўскага староства былі сыны Льва Сапегі – Станіслаў, Кшыштаф і апошні з сыноў Ян Казімір Леў.

Потым Маркаўскае староства да 1635 года стала казённым, пакуль кароль Уладзіслаў Ваза Чацверты за ратныя заслугі ў Лівонскай вайне не падарыў Маркаўскі двор смаленскаму ваяводу Аляксандру Яновічу Корвін-Гасеўскаму, які выконваў і абавязкі пасла ў Маскве. Пасля староствам валодаў пісар скарбны Ян Эйдзетавіч, а пасля яно перайшло да Пацаў і афармляецца пад назвай "Вілейскае”.

У 1670 годзе князь Аляксей Валовіч ахвяраваў Маркаўскай царкве чатыры валокі зямлі.

Валодалі вязам і Маркаўскім староствам прадстаўнікі шляхецкага роду "Пелікан” Коцелы. Міхаіл Коцел сумяшчаў пасады Маркаўскага старосты і падкаморыя Ашмянскага, а потым стаў яшчэ Віцебскім і Трокскім кашталянам і ваяводам. Пры яго кіраванні найбольшага росквіту дасягнула яго фамільная рэзідэнцыя ў Беніцы. У той час яна мела 107 дамоў. У Беніцы пры двары трымалі ўласную варту, мелі драгунаў і ўланаў.

Пасля яго смерці ў 1722 годзе Маркаўскае староства пераходзіць у рукі Інфлянцкага кашталяна Яна Немяровіча-Шчыта.
У 1740 годзе на сродкі пана Яна Шчыта і яго жонкі Барбары пабудавалі касцёл і асвяцілі ў гонар архангела Міхаіла. У 1869 годзе ўлады яго перадалі праваслаўным, пераасвяцілі ў гонар Стрэчання Госпада.

Потым, паводле прывілею караля Станіслава Аўгуста, Маркаўскае староства перайшло ў пажыццёвае ўладанне Тадэвуша Коцела і яго жонкі Ганны, ураджэнкі Тышкевічаў.

Вызваляліся ад рабства

Быў талуйскі вяз з-пад Маркава сведкам пакут тутэйшых людзей і пры царызме. Пасля 1795 года дзяржаўная мяжа паміж Маркавам і Талуямі была скасаваная, уся зямля былога Маркаўскага, а потым Вілейскага староства ўвайшла ў Расейскую імперыю. Маркава захавала статус мястэчка, але расейскія ўлады спрабавалі пазбавіць маркаўцаў звання мяшчан, якое давала пэўныя свабоды, апусцішы да ўзроўню прыгонных сялян, якія былі як рабы.

Ужо ў 1795 годзе адміністратар староства Падлескі прадаў у Мінскую казённую палату ўсіх жыхароў Маркава, абазначыў іх у акце здзелкі як прыгонных сялян. Маркаўцы ж звярнуліся ў суд і толькі ў 1807 годзе вялейскі земскі павятовы суд пастанавіў "вольность жителей местечка Маркова с крестьянской реквизии выключить и до города Вилейки в склад засчитать”. Тады на маркаўскай рыначнай плошчы быў павешаны набатны звон.

Прыцясненні маркаўцаў на гэтым не заканчваліся. Упраўляючы сядзібы паручнік Навакоўскі забараніў сялянам браць за ракой Нарач лес на дровы і будаўнічы матэрыял.

Потым уладаром зямель быў за ваенныя заслугі прызначаны расеец, ротмістр С.Клецкі. Гэты служака стварыў для тутэйшых увогуле невыноснае жыццё. Забараніў хадзіць нават у маркаўскі лес, што расце якраз за Верхнімі Талуямі, якім яны карысталіся.
Каго ротмістр застане ў навакольнай пушчы, "таго грабілі неміласэрна, адбіралі сякеры, а часам і адзенне...


 

Аднойчы прывязалі да дрэва ротмістравы паслугачы Грышку Каваля ды Рагуновіча (якраз верагодна да нашага вяза, бо дрэва павінна было быць тоўстым, каб прывязаць адразу абодвух, ды і гнуткімі, як лаза, галінкамі вяза лацвей карыстацца ў якасці розгаў) і моцна катавалі, білі бізунамі.

Аб гэтым выпадку местачкоўцы напісалі скаргу – прашэнне – на імя Аляксандра І з просьбай заступіцца ад нападкаў...
Той жа Клецкі вырашыў нахабна, без згоды маркаўцаў захапіць іх зямлю, за якую яны плацілі грошы царскай казне. Ён сабраў сваіх людзей, і яны пайшлі араць маркаўскія землі.

Сяляне ўсёй грамадой вырашылі высветліць, у чым справа. Клецкі не толькі не стаў гаварыць з людзьмі, а нават пачаў страляць па іх. Аднаго чалавека забіў, другога параніў. І тады сяляне схапілі ротмістра, абяззброілі і падалі скаргу ў Ашмянскі суд.

Восенню Клецкі загадаў свайму памочніку Яворскаму сабраць ураджай, які вырасцілі маркаўцы. Той так і зрабіў. Ротмістр за свае ўчынкі ніякага пакарання не панёс. Але не трэба думаць, што суд быў не аб’ектыўны толькі таму, што намеснікам стаў расейскі назначэнец.

Ліст да цара

Вяз з’яўляецца сведкам, ды і ў мясцовых людзей яшчэ засталіся ўспаміны, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, калі маркаўцы яшчэ раз звярнуліся са скаргай да таго імператара. Толькі скардзіліся ўжо на тутэйшага пана Швайкоўскага.

Яны напісалі пісьмо цару, прасілі засцерагчы іх ад прыгнёту і здзекаванняў. Але не павезлі яго з нарочным, а адправілі поштай. Ды толькі мясцовы паштовы наглядчык быў насцярожаны і паведаміў пану. Швайкоўскі перахапіў пісьмо і схаваў яго. А жыхар з Маркава Шастоўскі, нешта робячы ў маёнтку ў пана, выпадкова знайшоў тое прашэнне і зноў перадаў сялянам.

Пісьмо дайшло куды трэба, пан уззлаваўся, вылічыў, хто мог скрасці. Ён схапіў Шастоўскага і дванаццаць дзён катаваў яго – біў чым папала, у тым ліку і розгамі, пёк голае цела гарачым жалезам. Катаваў, катаваў, пакуль не забіў...

У 1873 годзе ў Маркаве ў мястэчку было адкрытае народнае вучылішча на 40 вучняў. У 1880 годзе ў мястэчку было 556 жыхароў, дзейнічалі дзве праваслаўныя царквы, багадзельня і заезны двор.

Маркава сёння

На рубяжы 19-20 стагоддзяў у Маркаве налічвалася 765 жыхароў. Праводзіліся два мясцовыя фэсты: 9/22 мая на Свяціцеля і Цудатворца Мікалая, і 15/ 27 жніўня – на Успенне Святой Багародзіцы.

На 17 верасня 1939 года ў Маркаве жыло 973 жыхары, з 12 кастрычніка 1940 года ўтвораны Маркаўскі сельскі Савет. У 1999 годзе ў Маркаве жыло 865 жыхароў і мелася 285 хат.

Цяпер, у 2013 годзе, у Маркаве жывуць 703 жыхары. У Верхніх Талуях на зіму засталіся толькі чатыры чалавекі.
За гэтыя гады мянялася і знікала не толькі ўлада, але і вера. Мяняліся людзі, нават пушча, звяры і птушкі, а таксама рыба ў Гадзеі, Ушы і Вяллі.

Людзі перасталі трымацца сваёй зямлі. Як тая азіяцкая расліна з пустыні перакаці-поле, падаліся, хто куды.

Сярод перакаці-поля таксама ўзрасло шмат волатаў, але хіба можна іх параўнаць з нашым вязам.

Але ж людзі тут засталіся і жывуць і захоўваюць памяць продкаў. Многія вырабы з ясеня (кросны, ступкі, цэўкі, c веялкі, атосы, куфаль для піва, нават драўляны жоран) захаваліся з былога, багатага на экспанаты школьнага Маркаўскага музея, які месціца зараз у клубе. Захавала частку экспанатаў жонка былога дырэктара Маркаўскай школы Дорах Вера Нікіцічна. На жаль такога не сталася у свой час у суседзяў, у не менш знакамітым чым Маркава мястэчку Лоск, дзе пасля смерці былога дырэктара школы Вясіля Дарафевіча Канановіча цікавыя і каштоўныя экспанаты знакамітага школьнага музея былі раскрадзены, а потым і школа была зачынена, а вось цяпер пры абсталяванні районнага Валожынскага музея есць цяжкасці з набыццём артэфактаў.

 

 




 

У царкве святой жывапачатковай Троіцы аграгарадка (мястэчка) Маркава сення можна пакланіцца двум спісам абразоў Віленскіх пакутнікаў Антона,Івана, Яўстаха, і праваслаўнаму спісу абраза Маці Божаў Вострабрамскай. А так сама невядомаму старажытнаму абразу тутэйшай Маці Божай. Гэты абраз патрабуе аднаўлення (рестаўрацыі). Ля царквы таксама расце вялізны высокі дуб, абхватам 305 см.

Мова, якая бярэ пачатак з санскрыту

Але было з жывога адно, што заставалася нязменным. Да апошніх трох-чатырох дзесяцігоддзяў на гэтых пагорках, пад шатамі вяза ля Маркава, жыла і заставалася стагоддзямі нязменнай сярод пакаленняў людзей толькі адна рэч – мясцовая ці, як казалі, тутэйшая, простая мова, якая вяла свой пачатак з тысячагадовай сівой даўніны, яшчэ ад загадкавага санскрыту, і захавала з таго санскрыту больш чым іншыя сучасныя мовы агульных каранёў у параўнанні са славянскімі і іншымі еўрапейскімі мовамі.

Потым яе змяніла трасянка, перш напалову з польскай мовай, потым з расейскай. Цяпер жа, на самай хвалі славы і волі тутэйшага народа, настаў незразумелы для вяза час – знікае, адмірае нават трасянка.

Амаль усе тутэйшыя людзі, дзякуючы якім у нейкай ступені і захаваўся патрыярх, саромеюцца гаварыць на сваёй роднай простай мове, моладзь не ведае яе. Знікае і вёска. Але ж нешта будзе.

Наш вяз цяпер зімуе. Ён чакае вясны, каб зноў і зноў заквітнець, каб руплівыя пчолкі апылялі кветачкі, каб паспела насенне і вылецела ў пару ў свет, каб зямля прыняла яго і яно ўкаранілася і дало ўсходы.

Вяз яшчэ пастаіць гадоў 100. За гэты час зменіцца пяць пакаленняў. На аднаўленне нашай мовы часу хопіць.

 

Пётр Цыгалка на ўласных памерах дэманструе таўшчыню вяза.


Той самы вяз наперадні публікацыі.  


Аўтар выказвае падзяку краязнаўцу Пятру Міхайлавічу Цыгалку, жыхарам Талуёў Івану Міхайлавічу Дурэйку, Маркава – Людміле Леанардаўне Асіповіч, Мікалаю Пяшко (айцу Мікалаю), Мікалаю Станіслававічу Ляшчынскаму, Веры Мікітаўне Дорах.

У артыкуле выкарастыныя матэрыялы кніг "Повязь часоў” Генадзя Каханоўскага, "Царква святой жываначальнай Тройцы” вёскі Маркава Мікалая Пешкі, даследаванне Анатоля Рогача, Станіслава Судніка.

Міхаіл МІХАЛЕВІЧ.

Фота Міхаіла МІХАЛЕВІЧА.

Даведка "РГ”. Пакост – прадукт перапрацоўкі алеяў, тлушчаў і арганічных рэчываў. Ужываецца для вырабу фарбаў. Шурф – вертыкальная штучная адтуліна, зробленая ў нетрах зямлі або на паверхні невялікай глыбіні для разведкі карысных выкапняў, вентыляцыі, водаадліву і іншых мэтаў. Зумпф – акумулюючая ёмістасць для збору вады ці гідрасумесі.

 

http://rh.by/ 

 

 

 

 

Падобныя навіны:

Каментары









Пакінуў: kurt 13 лютага 2013 09:24
а на 2 і 3 фотаздымках несанкцыянаваныя крыжы?

Пакінуў: Tambouski vouk 13 лютага 2013 11:05
Цытата: kurt
а на 2 і 3 фотаздымках несанкцыянаваныя крыжы?


Ага, а "Андрэй Паукшта, начальнік ВіК УП "Маладзечнавадаканал" праводзіць несанкцыянаваны пікет!


Імя:*
E-Mail:
Паўтлусты Нахільны тэкст Падкрэслены тэкст Закрэслены тэкст | Выраўноўванне па левым краі Па центры Выраўноўванне па правым краі | Устаўка ўсмешак Выбар колеру | Схаваны тэкст Устаўка цытаты Пераўтварыць абраны тэкст з трансліта ў кірыліцу Устаўка спойлера
Пытанне:
Назавіце прозвішча пісьменніка, што жыў і памёр у выгнанні, напісаў "Доўгая дарога дадому", "Знак бяды" і інш.
Адказ:*

СТУЖКА НАВІНАЎ

АПОШНІЯ КАМЕНТАРЫ

ГАЛЕРЭЯ


Ручыца. Новыя падарожжы дылетанта (відэа)