Аўтарызацыя | Рэгістрацыя

Даўгінаўскай школе − 150 гадоў!

2 лютага 2012, Катэгорыя - КУЛЬТУРА » Гісторыя

На ўрачысты вечар “Нам − 150!” Даўгінаўская сярэдняя школа запрашае ў суботу, 4 лютага, а 19 гадзіне.

 

Ужо ў якасці ганаровых гасцей на свята запрошаныя былыя выпускнікі. Сярод іх − заслужаны дзеяч культуры Беларусі, загадчык кафедры скульптуры Беларускай акадэміі мастацтваў Уладзімір Слабодчыкаў. Менавіта ён − аўтар скульптуры “Вілляна”.

 

А таксама − хірург, кандыдат медыцынскіх навук Эдуард Осіпаў, кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт кафедры заалогіі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Тамара Мядзвецкая і іншыя былыя вучні − гонар школы.

 

Якімі былі гэтыя 150 гадоў у Даўгінаўскай вучэльні, расказалі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Станіславаўна Сяліцкая і папярэдні дырэктар гэтай школы, выдатнік народнай адукацыі Беларусі Галіна Васілеўна Тупіцына.

 

Сёння ў Даўгінаўскай школе вучыцца каля 220 вучняў. Але адкрывалася яна ў 1862 годзе як народнае вучылішча, якое прыняло на вучобу каля 70 дзяцей.

 

Спачатку вучнямі былі толькі хлопчыкі, але паступова пачалі займацца і дзяўчынкі. Напрыклад, у 1902 годзе тут навучалася 127 хлопчыкаў і 14 дзяўчынак. Вучэбны год цягнуўся ад сярэдзіны кастрычніка да сярэдзіны красавіка − калі дзеці не былі занятыя палявымі работамі. Заняткі праходзілі штодзённа не менш за пяць гадзін. Некаторыя настаўнікі займаліся па вечарах з вучнямі з дальніх вёсак, якія начавалі ў вучэльні.

 

У час, калі Даўгінава апынулася ў складзе Заходняй Беларусі, змест вучылішча ўжо працавала сямігодка. Першымі кіраўнікамі яе сталі Максіміліян Матрос і Станіслаў Зімодра. Іх успамінаюць як вельмі таленавітых і самаадданых дырэктараў, але абодвух расстралялі да вайны.

 

Памятаюць і цудоўных настаўнікаў: Ганну Андраловіч-Саху, Адольфа Лінковіча, Уладзіслава Эйманта, Стэфанію Казімірску, Вінцэнта Кунцэвіча...

 

Падчас Вялікай Айчыннай вайны школа працягвала працаваць, але многія вучні кінулі вучобу: мусілі займацца гаспадаркай. З 17 чалавек першага пасляваеннага выпуску 1951 года дзесяць сталі настаўнікамі.

 

Сёння Даўгінаўскую сярэднюю школу ўзначальвае Іван Нічыпаравіч Навуменка, а палова настаўнікаў − яе былыя выпускнікі.

 

Зоя ХРУЦКАЯ.

© "Рэгіянальная газета"

http://www.rh.by/

Рэгіянальная газета

Падобныя навіны:

Каментары










Імя:*
E-Mail:
Паўтлусты Нахільны тэкст Падкрэслены тэкст Закрэслены тэкст | Выраўноўванне па левым краі Па центры Выраўноўванне па правым краі | Устаўка ўсмешак Выбар колеру | Схаваны тэкст Устаўка цытаты Пераўтварыць абраны тэкст з трансліта ў кірыліцу Устаўка спойлера
Пытанне:
Назавіце прозвішча пісьменніка, што жыў і памёр у выгнанні, напісаў "Доўгая дарога дадому", "Знак бяды" і інш.
Адказ:*

СТУЖКА НАВІНАЎ

АПОШНІЯ КАМЕНТАРЫ

ГАЛЕРЭЯ


Ручыца. Новыя падарожжы дылетанта (відэа)