Аўтарызацыя | Рэгістрацыя

Смаргонска-Валожынскі агратурызм

24 снежня 2011, Катэгорыя - ТУРЫЗМ » Аграсядзібы

Развіццю агра- і экатурызму ў сельскай мясцовасці апошнім часам надаецца шмат увагі. У Смаргонскім раёне зарэгістраваны 16 аграсядзіб, чатыром гаспадарам сёлета былі выдзелены крэдыты на развіццё гэтага бізнесу. А ў суседнім Валожынскім раёне такіх аб’ектаў ажно 28. Іх паспяховай дзейнасці спрыяюць партнёрскія стасункі, а каардынатарам выступае грамадскі савет, у склад якога таксама ўвайшлі і мясцовыя рамеснікі. Па прапанове Залескага сельскага сацыяльна-дзелавога цэнтра і грамадскай арганізацыі "Сяльчанка” смаргонскія гаспадары аграсядзіб накіраваліся вывучаць каштоўны вопыт у суседні раён. Паездка праводзілася ў межах праграмы малых грантаў пры падтрымцы пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.

 


У складзе смаргонскай дэлегацыі былі таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Шыш, спецыялісты аддзела культуры і аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. У Валожынскім райвыканкаме адбылася змястоўная гутарка з намеснікам старшыні Пятром Бібікам, начальнікам аддзела спорту і турызму Інгай Малашкевіч і іншымі спецыялістамі выканкама. Але гэта напрыканцы паездкі, калі пасля ўсяго ўбачанага і пачутага заставалася толькі высветліць, чаго не хапае смаргонскаму агратурызму для паспяховага і ўстойлівага развіцця. А цяпер пра тое, чым імкнуліся здзівіць валожынцы смаргонцаў.


Нашым гідам па фальварках і аздараўленча-забаўляльных аб’ектах Валожыншчыны стаў гаспадар аграсядзібы "Ганка” і адначасова старшыня грамадскага савета Анатоль Галец. Экскурс распачаўся ў невялічкім гістарычным мястэчку Ракаў, дзе даўно будуе галерэю вядомы на Беларусі мастак Фелікс Янушкевіч. Па ініцыятыве сям’і тут створаны прыватны этнаграфічны музей, куды штогод наведваюцца да 20 тысяч турыстаў з розных краін свету. Чаму менавіта з музея пачалася наша паездка, растлумачыў Анатоль Мікалаевіч Галец. Справа ў тым, што на Валожыншчыне гаспадары аграсядзіб шчыльна супрацоўнічаюць з музеямі, культурнымі ўстановамі, музыкантамі і рамеснікамі для прыцягнення адпачываючых, якім прапаноўваюць цікавыя, змястоўныя праграмы, туры, забаўляльныя шоу і фэсты. Асобныя ініцыятывы былі падтрыманы і прафінансаваны ў межах праекта ААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Дарэчы, грант атрымаў і былы смаргонец Аляксандр Лось, які на Валожыншчыне стварыў экамузей народных інструментаў.

 

 

Смаргонска-Валожынскі агратурызм

 
А наш маршрут прайшоў праз іншы экамузей – сядзібу "Свет пчолаў”, дзе патомны пчаляр Васіль Фралоў, як вельмі таленавіты і вопытны масавік-забаўляльнік, у нязмушанай і арыгінальнай форме расказаў пра пчол і пчалярства, і конкурс правёў, і заінтрыгаваў, і пераканаў прыкупіць тое-сёе з сувеніраў. А сувеніры ўсе мясцовых рамеснікаў. Думаецца, і на Смаргоншчыне хапае таленавітых ганчароў, разьбяроў, мастакоў, вышывальшчыц і іншых майстроў старажытных промыслаў, якія гатовы супрацоўнічаць з прадстаўнікамі агратурызму.


Яшчэ два цікавыя аб’екты ўразілі падарожнікаў. Найперш, спартыўна-аздараўленчая база "Галактыка”, якая знаходзіцца ў маляўнічым лесе на беразе ракі Іслач. Калісьці гэта быў піянерскі аздараўленчы летнік. Пасля перыяду занядбання і разбурэння па ініцыятыве Валожынскага аддзела спорту і турызму і пры падтрымцы Мінскага аблвыканкама тут распачалося будаўніцтва і абнаўленне. Цяпер у "Галактыцы” праводзяцца разнастайныя спаборніцтвы, карпаратыўныя мерапрыемствы, канферэнцыі, вяселлі, юбілеі і інш. Тут існуе ўніверсальная спартыўная пляцоўка, більярдны і трэнажорны залы, бібліятэка, кафэ, сталовая, спальныя карпусы. Аматарам актыўнага адпачынку прапаноўваюцца туры выхаднога дня, забаўляльныя праграмы, прагулкі на веласіпедах, байдарках, конях. А яшчэ экскурсіі, зразумела ж, з заездам на аграсядзібы. Што да конных праменадаў, то канюшня знаходзіцца непадалёку і называецца "Залатая шпора”. Быў напалову разбураны кароўнік, які дзякуючы намаганням ініцыятыўнага Паўла Калінкіна, ператвараўся ў турыстычны аб’ект і месца, дзе некаторыя багатыя людзі ставяць на пастой сваіх элітных коней.


Другі, не менш цікавы пункт прыпынку – загарадны клуб "Фестывальны”, дзе нашу ўвагу прыцягнуў "Малпа-лэнд”. Клуб знайшоў прытулак таксама ў былым дзіцячым летнім лагеры. За два гады тут праведзена буйная рэканструкцыя. Зроблена некалькі так званых трас для аматараў экстрыму. Хочаш адчуць сябе Кінг-Конгам? Калі ласка: чапляй страхоўку і наперад, на вышыню, дзе па канатах і мастках будзеш праходзіць свой паветраны маршрут. А для маленькіх "малпачак” збудавана траса невысокая. Зімой у гэты клуб збіраюцца на спаборніцтвы аматары язды на сабачых запрэжках. Летась прыехала паўтары тысячы наведвальнікаў. Вось дзе спатрэбіліся паслугі гаспадароў аграсядзіб!


Шмат карыснага пачулі падчас прэзентацыі вопыту работы на сядзібе "Марцінова гусь”. Гэты сапраўдны шляхецкі фальварак, рэканструяваны па ўсіх правілах архітэктуры сярэдзіны 19 стагоддзя, пабудаваў доктар гісторыі, аўтар шматлікіх кніжак Алесь Белы. Для адпачываючых тут прапаноўваюцца некалькі праграм на любы густ. Сюды прыязджаюць дзеля калядных забаў (дарэчы, на сёлетнія каляды ўсе месцы забраніраваныя). Тут ладзяцца этна-дыскатэкі і кулінарныя анімацыі, майстар-класы па вырабе лялек, экскурсіі з наведваннем суседніх сядзіб і Налібоцкай пушчы. Сумесна з "Майстэрняй уражанняў” "Марцінова гусь” распрацавала новую анімацыю – "Карчмарскія авантуры”, якая аднаўляе культуру традыцыйнай літоўскай карчмы 19 стагоддзя.

 

 

 

 


Зацятае маўчанне ў салоне аўтобуса напачатку паездкі паступова змянялася шумнай і зацікаўленай гутаркай. З кожным новым аб’ектам ажыўляліся падарожнікі. Пасля наведвання музеяў, дамоў творчасці, баз адпачынку, аграсядзіб усё больш разгараліся вочы ў смаргонскіх гаспадароў. І хочацца верыць, што гэта мерапрыемства дасць плён, а ўсе, хто задзейнічаны ў агратурызме, знойдуць агульную мову, каб сумесна развіваць свой бізнес, прыцягваць на Смаргоншчыну турыстаў, а, значыць, і фінансы ў раённы бюджэт.


Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.

 

http://shliah.by/ 

Падобныя навіны:

Каментары










Імя:*
E-Mail:
Паўтлусты Нахільны тэкст Падкрэслены тэкст Закрэслены тэкст | Выраўноўванне па левым краі Па центры Выраўноўванне па правым краі | Устаўка ўсмешак Выбар колеру | Схаваны тэкст Устаўка цытаты Пераўтварыць абраны тэкст з трансліта ў кірыліцу Устаўка спойлера
Пытанне:
Назавіце прозвішча пісьменніка, што жыў і памёр у выгнанні, напісаў "Доўгая дарога дадому", "Знак бяды" і інш.
Адказ:*

СТУЖКА НАВІНАЎ

АПОШНІЯ КАМЕНТАРЫ

ГАЛЕРЭЯ


Касьцяневічы - Падарожжа Дылетанта (ВІДЭА)