Сучасны погляд на прычыны заняпаду ВКЛ
13 лістапада ў Менску адбыўся круглы стол на тэму "Сучасны погляд на прычыны заняпаду ВКЛ". На круглым стале, які доўжыўся 8 гадзін, свае даклады прадставілі 6 беларускіх навукоўцаў. Большасьць дакладчыкаў у сваіх выступах вызначыліся дакладнасьцю фактаў і акадэмічнасьцю падыходаў.
Уладзімір Мацкевіч
Мадэраваў мерампрыемства Уладзімір Мацкевіч, які адразу папярэдзіў, што ён не гісторык, але метадолаг, таму неаднаразова зьвяртаўся да пытання кампетэнцыяў. У прадмове пан Уладзімір таксама адзначыў, што круглы стол мае не зусім навуковы фармат, бо ў яго трошкі іншыя мэты й задачы. Мерапрыемства ладзіцца не для вынясення вердыкту, а для навядзення абмеркавання.
Рэгламент быў вызначаны наступны - 15 хвілін выступ дакладчыка, 15 хвілін - абмеркаванне і пытанні. Напрыканцы, пасьля выступу ўсіх дакладчыкаў, - падсумаванне і дыскусія.
Андрэй Янушкевіч
Першым дакладчыкам быў Андрэй Янушкевіч, выступіўшы з тэмай "Інфлянцкая вайна і заключэнне Люблінскай вуніі". Ён зазаначыў, што Інфлянская вайна стала выклікам для ВКЛ, актывізаваўшы яго зьнешнюю палітыку. Праз далучэнне Інфлянтаў упершыню за доўгі час адбылося пашырэнне тэрыторый амаль бескрывавым чынам. Пры гэтым Інфлянты былі разьвітым краем, што дадало магутнасьці княству. Пан Янушкевіч зазначыў, што ВКЛ пры заключэнні Люблінскай вуніі было насамрэч у выгадным становішчы: апроч маскоўцаў усе суседзі былі саюзьнікамі, а ў вайне з Маскоўскім княствам вызначалася сур'ёзнымі перамогамі (прыкладам - узяцце замка Ула Раманам Сангушкам). Такім чынам, на думку дасьледчыка, Люблінская вунія была ня вымушаным крокам, а натуральным працэсам. Інфлянцкая вайна адыграла ў заключэнні вуніі не выключную ролю, а была толькі каталізатарам. Адной з прычынаў няўдалых момантаў у вайне Андрэй Янушкевіч назваў пасіўнасьць Гаспадара Жыгімонта Аўгуста, які не прымаў удзел у выправах, не любіў езьдзіць у войска.
Аляксей Шаланда
Другім дакладчыкам стаў Аляксей Шаланда, выступіўшы на тэму "Ідэалагічны крызіс як прычына заняпаду ВКЛ у 2-й палове XVI ст." На думку пана Шаланды, ад пачатку існавання ў ВКЛ было мала ідэалагічнага грунту, вымушаны саюз трымаўся на кампрамісе. Паводле дасьлечыка, прысутнічаў і дынастычны крызіс - праблема легітымнасьці ўлады Вялікіх князёў літоўскіх на "Русь". Такім чынам, прычына заняпаду была ў тым, што шляхта ставіла свае інтарэсы вышэй за інтарэсы дзяржавы, бо дзяржаўныя інтарэсы ня мелі дастатковага ідэалагічнага грунту. Аляксей Шаланда ўрэшце зрабіў выснову, што ідэя ВКЛ нібыта не рэалізавалася, і што зараз трэба "адмаўляцца ад рамантычнага ўспрымання ВКЛ". Гэты даклад выклікаў вялікую дыскусію, як з нагоды некаторых факталагічных памылак, так і з-за ідэалагічнага кантэксту выступу. Многія адзначалі, што менавіта праз асэнсаванне ў рамантычным гледзішчы спадчына ВКЛ дагэтуль рэалізуе сябе ў разнастайных культурных праектах.
Уладзімір Падалінскі
Трэцім дакладчыкам быў Уладзімір Падалінскі, з тэмай "Крызіс парламенцкай сістэмы Рэчы Паспалітай у XVII-XVIII стст." Пан Падалінскі распавёў, што дзяржаўным строем ВКЛ была т.зв. "мяшаная манархія". Вышэйшым органам улады быў Вальны сойм, у склад якога ўваходзілі Кароль, сенат, выбарныя прадстаўнікі шляхты. Да XVIII стагоддзя амаль не было зрываў соймаў меншасьцю. Пасьля ж правы і вольнасьці шляхты пачалі ставіцца вышэй за дзяржаўныя інтарэсы. З XVIII большасьць соймаў зрывалася апазіцыйнай меншасьцю, паводле права "ліберум вета". Урэшце, з некалі выбарнай шляхты пачалі стварацца "групы ўплыву" - утварыўся лад, які завецца "кліентызм". Пры абмеркаванні гэтай тэмы прагучала думка, што ў той час ідэалы "шляхецкіх вольнасьцей" лічыліся верным шляхам, і мала хто бачыў мінусы. То бок у той час гэта не ўспрымалася як шлях да заняпаду. На думку Уладзіміра Падалінскага, нельга ўсю віну заняпаду ВКЛ перакладаць на разьвітыя шляхецкія правы, наўрад ці іншы, аўтакратычны шлях прынёс бы абсалютнае выратаванне.
Віктар Цемушаў
Наступную тэму "Прычыны паразы ВКЛ у войнах з Маскоўскай дзяржавай" прэзентаваў Віктар Цемушаў. Ён адразу ж зазначыў, што гэтая праблематыка ў сучаснай гістарычнай навуцы ня вырашана. Становіцца відавочным беспадстаўнасьць ранейшых тэзісаў аб абароне маскоўцамі праваслаўнага мясцовага насельніцтва ВКЛ. Пан Цемушаў распавёў пра моцную сістэму захопу, якая была распрацавана Маскоўскім княствам. Яна прадугледжвала падрыхтоўку да вайны: ціск на памежжа, аслабленне пазіцый ВКЛ, і пасьля - кропкавыя ўдары па ключавых пунктах. Пры гэтым дакладчык зьвярнуў увагу, што і сістэма абароны ВКЛ была сапраўды вельмі моцнай, яна паглыблялася і ўнутр краіны. Але ўрэшце маскоўская дзяржаўная сістэма аказалася больш эфектыўнейшай за літвінскую.
Андрэй Любы
Дакладчык Андрэй Любы асьвяціў тэму "Грамадзянскія канфлікты ў ВКЛ". Апроч іншага пан Любы зьвярнуў увагу на некаторыя недарэчнасьці ў тэрміналогіі. Так адну з найбольш вядомых феадальных войнаў называюць "паўстаннем Сьвідрыгайлы". Але ў гэты час якраз Сьвідрыгайла быў Вялікім князем. Таксама часам ужываюць тэрмін "хатняя вайна", што таксама зьяўляецца грубай памылкай і калькай з польскае мовы. Галоўнай жа тэзай дакладу было тое, што феадальныя войны у ВКЛ былі амаль заўжды не навязанымі штучна звонку, а ўзьнікалі з-за ўнутраных праблем у дзяржаве.
Вячаслаў Насевіч
З дакладам ""Нацыянальнае пытанне" ў гісторыі ВКЛ" выступіў Вячаслаў Насевіч. З фактараў, што спрыялі заняпаду, пан Насевіч адзначыў адсутнасьць у ВКЛ пануючага этнаса, а таксама рознасьць інтарэсаў "балтаў" і "русінаў". Паводле Насевіча, балты арыентаваліся на захад, а русіны - не. Урэшце ў шляхты адбыўся зварот да польскай мадэлі ідэнтычнасьці. Гэты зварот праходзіў паасобку, індывідуальна, але ня масава. Трэба зазначыць, што гэты апошні даклад таксама выклікаў сур'ёзнае абмеркаванне й крытыку.
Напрыканцы круглага стала адбылася выніковая дыскусія і абмеркаванне праблематыкі. Адным з пытанняў стаў пошук "кропкі дыфуркацыі": адкуль пачаўся шлях ад уздыму да заняпаду ВКЛ. Тут ужо выказваліся ня толькі навукоўцы з акадэмічнымі ведамі, але і "аматары" гісторыі, што здолелі патрапіць на мерапрыемства.
У заключным слове пан Уладзімір Мацкевіч зазначыў, што фармат гэткага круглага стала спрыяе найперш не навучанню, але карэктаванню ўжо наяўнага багажа ведаў. На такіх сустрэчах, пад пільным вокам калегаў, у гісторыкаў мусіць абгастрацца мысьленне і кшталтавацца метадалогія вывучэння. Таксама пан Мацкевіч выказаўся, што, магчыма, зараз вывучэнне ВКЛ ня можа быць цалкам аб'ектыўным, бо ВКЛ - гэта мы самі.
Аляксей Лужынскі
Выданне "ВОЛАТ"
