Паэты заўсёды ў аблаве
Перада мной невялічкі зборнік паэта “Веру ў цябе” (1981). Гэта 56 старонак і 73 вершы. Наклад кніжкі па сённяшніх мерках дык несціплы – цэлых чатыры тысячы асобнікаў. Зборнік адкрываецца невялікай біяграфіяй паэта:“Уладзімір Дубовік на шахтах Урала здабываў прыродны крышталь. Перад гэтым, пасля заканчэння Мінскай прафтэхшколы, быў сталяром, шафёрам, чырванадрэўшчыкам… Скончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Цяпер журналіст. Працуе ў Вілейскай раённай газеце “Шлях перамогі” (сам ён нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Більцавічы гэтага ж раёна). Вершы Ул. Дубовіка друкаваліся ў беларускай перыёдыцы”. Сціплая даведка. Хаця для саракааднагогадовага паэта, які выдае першы зборнік, можа і дастаткова. Значна менш матэрыялу змясцілі ўкладальнікі Вілейскай кнігі “Памяць”, гэтай гісторыка-дакументальнай хронікі. А паэт такі ўсё ж быў. Не паспеў ён стаць шэрагоўцам творчага саюзу пісьменнікаў, але напісаць сталыя радкі ўсё ж здолеў.
А што гэта быў за чалавек? Паэт Іван Лашутка (1933-2004) успамінаў, што Уладзімір Аляксеевіч вельмі любіў кнігі. Стараўся набываць усе тамы са збору твораў пісьменнікаў. Кватэра Уладзіміра Дубовіка прадстаўляла сабой цэлую бібліятэку. Іван Лашутка напісаў верш “Паэт” памяці Уладзіміра Дубовіка. Няўважлівы крытык, калі пісаў рэцэнзію на кнігу Лашуткі “Святло Слова”, звярнуў увагу на гэты верш, але як на прысвячэнне Уладзіміру Дубоўку. Між іншым у вершы ёсць такія радкі:
…Ішла, як сцяжынкай топкай,
І ў потную спёку, і ў золь,
Не бачаная натоўпам
Твая адзінота і боль.
Паэты заўсёды ў аблаве.
Спяшу, пераводзячы дух,
Тым, хто ў зменлівай славе,
Мовіць за нас, за двух:
Няхай не міне гаркота
Тых, хто глядзеў стараной
Міма тваёй самоты,
Міма любові тваёй.
Ці сапраўды Уладзімір Дубовік быў адзінокім, як пра яго напісаў старэйшы сябар? А можа гэта толькі абагульненне? Даведацца гэтага мы ўжо не зможам. Хоць і была ў паэта сям’я, але ж не кожнаму дадзена зразумець творчую душу, нават родным.
Сяргей МАКАРЭВІЧ[right]
Уладзімір Дубовік
Маці
Смела птушкамі ў вырай дзеці
Паляцелі з гняздоўя-хацін.
І застаўся з табой на свеце
У твой восеньскі час успамін.
Будзіць ранак цябе чаканнем,
Грукатаннем далёкіх дарог,
Залацістым снапком світання
На парозе сустрэч, трывог.
Захапленнем душа запела:
Трапяткі пад рукамі лісток,
Дзе ўнучкі тваёй нясмела
Першы глянуў на свет радок.
********
О Беларусь! Радзіма-маці,
Мая сляза і подых мой.
Мне большага не трэба шчасця,
Каб толькі быць заўжды з табой!
Я ўдзячны лёсу: днём руплівым,
Як родны ў полі каласок,
Дня новага засеву нівы
Бяру з зямлі жыццёвы сок.