У Вялейцы зьнішчылі помнік Расьціславу Лапіцкаму.
У Вялейцы злачынцы зьнішчылі помнік Расьціславу Лапіцкаму - антысавецкаму падпольшчыку, змагару за незалежнасьць Беларусі. Помнік быў усталяваны вялейскай грамадскасьцю ўвосень 2008 года ва ўрочышчы Красны Беражок, месцы расстрэлу героя. Па ўсталёўцы камень быў асьвечаны праваслаўным сьвятаром зь вёскі Касута, адкуль родам і сам Лапіцкі, а яго бацька таксама быў там праваслаўным сьвятаром. Асаблівая цынічнасьць злачынства ў тым, што здзейснілі яго напярэдадні сьвята Радуніцы.
Каб зьнішчыць помнік, выкарыстоўвалася магутная тэхніка - вялікі трактар з каўшом, самазвал. Сам помнік уяўляў сабой камень, на якім выгравіраваны надпіс "У гэтым месцы расстраляны РАСЦІСЛАЎ ЛАПІЦКІ (І.ІХ.1928 - 28.Х.1950) Змагар за незалежнасьць Беларусі". Быў усталяваны на бетонную падушку, меў вагу ў некалькі тон, камень злучаны з бетонам металічнымі прутамі. Разбурыць такі помнік няпроста. Відавона, зрабіць гэта маглі толькі людзі, у чыіх руках сканцэнтравана дастаткова ўлады.

Помнік быў вывезены ў невядомым кірунку. Шукаюцца відавочцы злачынства. Калі хтосьці можа паведаміць пра дакладны час ці людзей, якія гэта зьдзейсьнілі, просьба зьвязацца па сайту ці праз электронную пошту volat2009@gmail.com
Варта заўважыць, што гэта ня першы выпадак падобнага вандалізма і дзікунсва. Зусім нядаўна сьціх розгалас з-за пагрому помнікаў на могілках в.Хаценчыцы. А у в.Кульшыно з унікальных могілак 13 ст. зрабілі кар'ер, з якога бяруць пясок разам з касьцямі на вялейскі асфальтны завод. Як прыпыніць злодзеяў, для якіх няма нічога сьвятога?


даведка:
Расьціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасьня 1928 года ў сям'і праваслаўнага сьвятара на Вялейшчыне ў в. Касута. Растраляны 28 кастрычніка 1950 г. ва ўрочышчы Красны Беражок. У 1948-49-х гг стварыў на Смаргоншчыне й Мядзельшчыне з вучнёўскай моладзі антыбальшавіцкую падпольную арганізацыю. Арганізацыяй выдаваліся антыбальшавіцкія і антысталінскія ўлёткі. У хуткім часе яна была раскрыта, яе сябры, у тым ліку непаўналетнія, атрымалі розныя гады зьняволення. Расьціслаў, як галоўны арганізатар, быў пакараны сьмерцю.
